У Альманах прайшло свята журавінаў
Жыхары вёскі Альманы, што на Століншчыне, упершыню зладзілі такі фэст.
Такім чынам яны вырашылі падкрэсліць павагу да асноўнай крыніцы свайго дабрабыту. З-за адсутнасці працоўных месцаў вяскоўцы жывуць за кошт збору карыснай ягады і ў сезон амаль штодзённа старыя і малыя выпраўляюцца на знакамітыя альманскія балоты па журавіны. Там іх ужо сустракаюць перакупшчыкі, і, напрыклад сёлета скупаюць ягаду па 15 тысяч рублёў за кілаграм.
На журавінавым свяце было шмат дзетак, якія частавалі прысутных ягаднымі джэмамі і морсамі. А на імправізаванай сцэне людзі таньчылі і спявалі.
Паводле адной з легендаў, яшчэ за польскім часам магнат Скірмунт вырашыў пакараць сваіх самых дрэнных работнікаў і вывез іх проста ў балота. Праз некаторы час пан прыехаў глянуць, ці не прапалі ягоныя лайдакі, аднак, як выявілася, яны пачалі збіраць і прадаваць журавіны і такім чынам выжылі.