У Барысаве за злоўжыванне ўладай судзяць старшага лейтэнанта

У Барысаве за злоўжыванне ўладай судзяць старшага лейтэнанта

У Барысаве пачаўся чарговы суд над вайскоўцам 72-га гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра ў Пячах. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага вінавацяць у злоўжыванні ўладай, спалучаным з гвалтам, піша tut.by. Гэта справа не звязаная з гучнай смерцю шарагоўца Аляксандра Коржыча, хоць і была пачатая пасля татальнай праверкі ў часці.

Як лічыць абвінавачанне, Чайкоўскі біў вайскоўцаў нагой, сапёрнай рыдлёўкай, металічнай антэнай, драўлянай палкай.

Старшаму лейтэнанту 26 гадоў, ён не жанаты, мае вышэйшую адукацыю. Чайкоўскага не ўзялі пад варту. Да лютага 2018 года ён служыў у войску паводле кантракту. Цяпер жыве ў Барысаве, працуе адміністратарам гандлёвай залы. Сваю віну ён прызнае часткова.

Па справе праходзяць 17 пацярпелых. У ёй каля 16 эпізодаў. Усе падзеі адбываліся ў ліпені-жніўні 2017 года. Па словах Чайкоўскага, гэта было на танкадроме падчас заняткаў па ваджэнні, якія ён праводзіў.

Чайкоўскі падрабязна гаворыць пра кожны эпізод. Ён не выключае, што ў некаторых шарагоўцаў былі прычыны яго агаворваць: напрыклад, з кімсьці не заладзіліся адносіны.

Старлей кажа, што хацеў зрабіць на падначаленых добрае ўражанне і быў ім як старэйшы брат. "Часам я перагінаў палку, але знаходзіў у сабе сілы папрасіць прабачэння", — тлумачыць ён.

Чайкоўскі кажа, што шасцёра салдат, з якімі ён у гэты перыяд працаваў, былі "праблемнымі". Адзін паводзіў сябе з ім, як "сябрук з вуліцы" і мацюкаўся. Другі "стучаў" на сваіх таварышаў. Астатнія нават з другога разу не заўсёды разумелі задачу. 

Напрыклад, падчас заняткаў шарагоўцы Д. і Б. (цяпер пацярпелыя) не замянілі на перашкодах двух іншых салдатаў. За гэта старлей пакараў іх: Д. "на хвіліну-паўтары прапанаваў прыняць упор лежачы", а Б. стукнуў сапёрнай рыдлёўкай па галаве. Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што пашкадаваў незамененых салдатаў. "Я не ўжываў да рыдлёўкі сілу, я не ведаў, як дагрукацца да байца", — дадаў старлей.

Іншы эпізод адбыўся падчас першага ваджэння. З шарагоўцам К., каб ён не хваляваўся,  афіцэр прыгадаў фільм "У 47 роце". І прапанаваў: ці вытрымаеш ты, К., 47 удараў антэнай-указкай за "сучку". Пад "сучкай" меўся на ўвазе пэўны від тэхнікі. Гэта, па словах Чайкоўскага, было нешта кшталту таго, "як дэсантнікі б'юць бутэлькі аб галаву за ВПВ". 

Пры гэтым Чайкоўскі сцвярджае, што гэта былі не ўдары, а "дотыкі". "Пасля 22 удараў ён сказаў: "Досыць", і я перастаў... Самае галоўнае, яму не было балюча", — заявіў абвінавачаны. І, дарэчы, гэта быў не адзіны выпадак, калі Чайкоўскі ўжываў да шарагоўцаў металічную антэну. Сам ён паведаміў, што "часта дотыкі былі выпадковыя". 

Яшчэ адзін эпізод адбыўся 22 жніўня. Па версіі абвінавачання, Чайкоўскі паставіў салдатаў у шарэнгу і прымусіў іх не менш за 10 хвілін трымаць бярвёны. Старлей кажа, што пакараў шарагоўцаў за нявыкананую задачу. У тую ноч падчас заняткаў ён папрасіў салдатаў абкласці слупы, каб ніхто аб іх выпадкова не спатыкнуўся і не атрымаў траўмаў. Чаму шарагоўцы яго зразумелі іначай, ён не ведае. Магчыма, кажа старлей, таму што былі сонныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі