У Беларусь да лістапада 2023-га хочуць вывезці 3000 украінскіх дзяцей — Латушка
Звесткі пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь перададуць у Камітэт па правах дзіцяці ААН / Emilio Morenatti, ілюстрацыйнае фота
Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі плануе перадаць у камітэт па правах дзіцяці ААН звесткі пра злачынствы супраць украінскіх дзяцей. Паводле інфармацыі НАУ, з верасня 2022 года па лістапад 2023 года ў Беларусь ужо вывезена і плануецца вывезці больш за 3000 украінскіх дзяцей, у тым ліку дзяцей-сірот. Пра гэта Павел Латушка расказаў прэс-службе Аб'яднанага пераходнага кабінета.
"27 чэрвеня мы перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе матэрыялы аб датычнасці Лукашэнкі і яшчэ чатырох асоб да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь і дамовіліся аб далейшай камунікацыі", — заявіў Латушка.
Ён падкрэсліў, што ўсе дэталі гэтай працы паведаміць не можа, бо "гэта далікатная справа, яе ахвяры — дзеці, таму мы ацэньваем магчымыя рызыкі для іх, кіруемся прынцыпам "не нашкодзь".
Раней Латушка таксама перадаў Украіне доказы вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.