У Беларусі барацьба з грыпам закончаная, да наступнай зімы

Ва ўсіх гарадах Беларусі адмененыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы па прафілактыцы ВРВІ і грыпу. Пра гэта БелаПАН паведаміла галоўны эпідэміолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан.

Паводле яе слоў, асноўнай прычынай уздыму захворвання сёлета сталі не вірусы грыпу, а рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. Спецыяліст зазначыла, што ў параўнанні з мінулым годам «эпідэмія ВРВІ і грыпу цягнулася вяла». Летась яна доўжылася з 19 лютага па 28 сакавіка, сёлета — з 17 студзеня па 21 сакавіка.

Як паведамляў БелаПАН, летась эпідэміяй было ахоплена 50 адміністрацыйных тэрыторый краіны. У 2008 годзе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы па грыпе і ВРВІ былі ўведзены ў 13 з 18 кантрольных гарадоў Беларусі (Брэст, Баранавічы, Гродна, Ліда, Мінск, Маладзечна, Магілёў, Віцебск, Барысаў, Салігорск, Бабруйск, Орша, Наваполацк), а таксама на 42 адміністрацыйных тэрыторыях краіны.

Звесткі пра колькасць хворых сёлета ўдакладняюцца. У 2007 годзе падчас эпідэміі грыпу ў кантрольных гарадах было зарэгістравана амаль паўмільёна выпадкаў захворвання на грып і ВРВІ, прычым сярод хворых было 41,8% дзяцей, адзначае "Наша ніва".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі