У Беларусі за дзедаўшчыну асуджаныя 23 салдаты і сяржанты

У Беларусі за дзедаўшчыну асуджаныя 23 салдаты і сяржанты

З пачатку 2018 года ў Беларусі за дзедаўшчыну асуджаныя 23 салдаты і сяржанты. Таксама атрымалі прысуды два прапаршчыкі і адзін афіцэр. Пра гэта паведаміў намеснік генпракурора Аляксей Стук. Паводле яго слоў, у асноўным вайскоўцаў асудзілі па артыкулах "перавышэнне ўлады", "парушэнне статутных узаемаадносін", "гвалтоўныя дзеянні ў адносінах начальніка". Як інфармуе "СБ. Беларусь сегодня", дзевяць чалавек атрымалі пазбаўленне волі, яшчэ дзевяць — арышт. Меры пакарання дастаткова жорсткія, адзначыў Стук.

Намеснік генпракурора нагадаў, што праверкі ў вайсковых частках адбыліся пасля трагічнага выпадку ў Печах, дзе загінуў салдат тэрміновай службы Аляксандр Коржыч. Расследаванне гэтай гучнай справы трымае пад кантролем кіраўнік дзяржавы.

Аляксей Стук кажа, што сёлета ўзмоцнены пракурорскі нагляд у справе выканання правоў вайскоўцаў, надаецца вялікая ўвага прафілактычным мерам. Пракуроры праводзяць раптоўныя праверкі. І калі раней сігналам пра нестатутныя дачыненні маглі не надаць вялікай увагі, цяпер усё наадварот — праводзяцца вельмі пільныя праверкі, адзначыў намеснік генпракурора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі