У Беларусі затрымалі працаўнікоў прадпрыемства ваенна-прамысловага комплексу
Калона працаўнікоў МТЗ. Мінск, жнівень 2020-га / З архіва Еўрарадыё
Супрацоўнікі КДБ затрымалі працаўнікоў прадпрыемства ваенна-прамысловага комплексу "Мінатор-Сэрвіс" Дзяніса Паўлава і Івана Крывіню. Адбылося гэта 13 чэрвеня, паведамляе @rabochyruh.
У 2020-м Паўлаў і Крывіня працавалі на МТЗ, у рамонтна-механічным цэху. У жніўні таго года працаўнікі прадпрыемства ўдзельнічалі ў страйках і масавых акцыях пратэсту. Мяркуецца, што з гэтымі падзеямі і звязанае затрыманне.
У Дзяніса Паўлава прайшоў ператрус. Яго абвінавачваюць па артыкуле "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".
Мінскае прадпрыемства "Мінатор-Сэрвіс" займаецца распрацоўкай, вытворчасцю, мадэрнізацыяй, рамонтам і абслугоўваннем баявых гусенічных машын, пастаўкай для іх запасных частак. Падчас вайны ва Украіне яно выконвае замовы з Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.