У Беларусі з'явіўся адзёр, а мінчукі скардзяцца на перабоі з вакцынай
Спыніць распаўсюджанне адру можа вакцынацыя
Па Беларусі распаўзаецца адзёр. Сітуацыя не катастрафічная, прынамсі, паводле афіцыйных паведамленняў Мінздароўя і звестак "з палёў" — з бацькоўскіх чатаў у школах і інсайдаў ад медыкаў. Але нагода насцярожыцца ёсць.
У 2023 годзе ў Беларусі зарэгістравалі больш за 140 выпадкаў адру, з якіх больш за 90 — за апошні з лішкам месяц. Больш за ўсё тых, хто захварэў, у Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях, а таксама ў самой сталіцы.
Амаль палова хворых — дзеці, каля 37% інфікаваных дарослых — маладыя людзі 20-49 гадоў.
Абсалютная большасць тых, хто падхапіў заразу — 74% пацыентаў — не былі прышчэпленыя ад адру ці не валодаюць звесткамі пра прышчэпку. Сярод дзяцей гаворка ўжо ідзе пра 90% — тых, хто яшчэ не дарос да прышчэпкі або чые бацькі ад яе адмовіліся.
Пры тым што адзёр — смяротнае інфекцыйнае захворванне, ад якога ёсць вакцына. Ён можа праяўляцца, як звычайная прастуда з высокай тэмпературай, кашлем, насмаркам, слабасцю і гэтак далей, але яго адметная асаблівасць — ярка-чырвоная высыпка па ўсім целе.
Яна выглядае так, што можна спалохацца, але адзёр не такі пагрозны, як ускладненні, якія выклікае гэты вірус. Ад гэтай хваробы могуць запаліцца мазгавыя абалонкі, а гэта смяротна, магчымыя энцэфаліт, пнеўманія, развіццё слепаты ці парушэнняў слыху, нават страта канцавінаў цела.
Хваробу нярэдка завозілі нам прыезджыя з суседніх краін — тых жа Расіі і Украіны, дзе праблема з адром значна вастрэйшая. Адзін інфікаваны адром чалавек заражае ўслед за сабой яшчэ 4-5 чалавек. Часцей за ўсё паветрана-кропельным шляхам або праз непасрэдны кантакт з хворым. Па-за целам чалавека вірус не жыве.
— Для таго каб не было эпідэміі адру, павінна быць вакцынаваным больш за 60% насельніцтва. Для таго каб адру не было наогул у соцыуме, вакцынаванымі павінны быць больш за 80%. Мяркуючы з таго, што не ўся Беларусь адразу жа падпала пад адзёр, у нас вакцынаваныя больш за 60%, але менш за 80% насельніцтва, — каментуе педыятр Мая Церакулава. — То-бок яшчэ раз: для таго, каб не было адру, большасць насельніцтва павінна быць вакцынаваная.
І з гэтым праблемы, таму што ў сацсетках множацца жахі пра вакцыны, тэорыі змовы, фармлобі. Лекарам вельмі крыўдна слухаць усе гэтыя тэорыі. Гэта ўсё няпраўда. Вакцыны бяспечныя, гэта адзін з самых бяспечных спосабаў прадухіліць захворванне, адно з лепшых дасягненняў медыцыны XX стагоддзя. Імуналогія — гэта вобласць медыцыны, якая імкліва развіваецца. Яна вельмі навукаёмістая, там працуюць лепшыя розумы чалавецтва.
Прышчэпленыя таксама хварэюць?
У Беларусі прышчэпка ад адру абавязковая, яе робяць дзецям у 1 год і ў 6 гадоў у выглядзе камбінаванай вакцыны ад адру, паратыту і краснухі. Гэтага дастаткова, каб сфармаваўся імунітэт на ўсё жыццё.
Тым не менш, калі па звестках Мінздароўя 74% тых, хто захварэў, не былі прышчэпленыя, выходзіць, да астатніх 26% зараза прычапілася, нягледзячы на прышчэпку. Як так? Тлумачыць урач-педыятр Мая Церакулава.
— Вакцына — імунітэт унутры чалавека, вірус — тое, што лётае звонку. Вірус можа патрапіць у вакцынаванага чалавека праз дыхальныя шляхі і выклікаць захворванне. У вакцынаванага чалавека адразу спрацоўвае імунны адказ. У яго ёсць фора ў крытычныя першыя 3-4 дні, калі ў непрышчэпленага чалавека імунітэт толькі фармуецца, і вірус у яго арганізме не сустракае ніякага супраціву і размнажаецца, і можа прывесці да вялікага пашкоджання і больш цяжкага ходу захворвання.
Я думаю, захварэла нават больш, але ў большасці вакцынаваных людзей інфекцыя прайшла настолькі лёгка, што нават высыпкі ніякай не з'явілася. Ноч адтэмпературыў, прачнуўся — усё ў парадку, імунітэт справіўся.
Тыя, хто ўсё ж захварэў і ўбачыў сімптомы адру — хутчэй за ўсё, дарослыя, якія рабілі вакцынацыю даўным-даўно, або, магчыма, не атрымалі другую прышчэпку і іх імунітэт зніжаны, альбо дзеці са зніжаным імунітэтам. Але нават у гэтым выпадку людзі з прышчэпкай пераносяць хваробу значна лягчэй і не рызыкуюць атрымаць небяспечныя для жыцця ўскладненні.
— Раней за год вакцынаваць ня трэба. Дзіця нараджаецца з імунітэтам маці, і на працягу года захоўваюцца імунныя целы маці, калі яна была вакцынаваная ці калісьці перахварэла. Бустарная другая доза, якая даецца ў шэсць гадоў, дазваляе сфармаваць устойлівы імунітэт, якога хапае на ўсё жыццё. Калі ў вас амаль шасцігадовае дзіця, можна не чакаць месяца нараджэння, а пайсці вакцынавацца прама цяпер. Даросламу чалавеку асабліва пераймацца не трэба, калі яго вакцынавалі ў год і ў шэсць.
Вакцыны няма якраз тады, калі яна так патрэбная?
Як даведаліся нашы калегі з "Онлайнера", у некаторых паліклініках Мінска з вакцынай ад адру назіраюцца перабоі.
"Разумеючы ўсю сур'ёзнасць захворвання, я хацела тэрмінова прышчапіць малодшую. У паліклініцы па месцы прапіскі нас паставілі ў чаргу і паведамілі, што перабоі ў пастаўцы вакцыны доўжыліся больш за паўгода, таму дзяцей у спісе даволі шмат. Прывезеных у лістападзе доз не хопіць. Таму зрабіць прышчэпку цяпер магчымасці няма", — расказала мінчанка выданню.
У 8 з 12 дзіцячых паліклінік сталіцы, куды патэлефанавалі журналісты, вакцына была. У трох установах — не было. У прыватных медцэнтрах вакцыны няма, і ці з'явіцца яна ў найбліжэйшай будучыні, не паведамілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.