Чаму дзеці паміраюць ад адру і як прадухіліць эпідэмію ў Беларусі

У дзіцяці адзёр / klinikaexpert.ru
У дзіцяці адзёр / klinikaexpert.ru

— Мне б хацелася, каб усе размовы пра адзёр сканчаліся на тым, што калі вы вакцынаваныя — пераймацца няма пра што, — кажа Еўрарадыё педыятр Мая Церакулава і адразу ж з жалем расказвае пра сучасных людзей, якія прынцыпова не робяць прышчэпак ні сабе, ні дзецям.

У сярэдзіне траўня Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб 15 лабараторна пацверджаных выпадках адру ў Беларусі (у выпадку аднаго з іх гаворка ідзе аб падазрэнні на адзёр). Факты захворвання былі выяўленыя ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Першыя пацыенты завезлі хваробу з Расіі і заразілі сваіх сяброў і сваякоў.

У Мінздароўя сцвярджаюць, што сітуацыя кантраляваная, праводзіцца "комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў".

СААЗ і сусветныя эксперты папярэджваюць пра магчымую эпідэмію адру праз тое, што многія людзі адмаўляюцца ад вакцынацыі. Так, летась прышчэпку прапусцілі 40 мільёнаў дзяцей —  і гэта рэкорд.

Почему дети умирают от кори и как предотвратить эпидемию в Беларуси
Мая Церакулава / асабісты архіў

Наколькі высокія рызыкі развіцця эпідэміі адру ў Беларусі і ці можна яе прадухіліць? Якую небяспеку нясе хвароба і чаму ад яе памірае так шмат дзяцей? Вось што кажа на гэты конт Мая Церакулава:

— Турбавацца трэба невакцынаваным людзям. Тыя, хто быў вакцынаваны двойчы (стандартная вакцынацыя адбываецца ў год і ў шэсць гадоў), маюць пажыццёвы імунітэт супраць адру. Гэта значыць, што вірус можа трапіць у іх арганізм праз дыхальныя шляхі, але той вельмі хутка выпрацуе імунны адказ на яго і альбо ніякіх сімптомаў не будзе зусім, альбо ўсё спыніцца ў першыя тры дні праявай невялікай тэмпературы, насмарку, можа быць, лёгкага кан'юктывіту. Да стадыі высыпання ў вакцынаваных людзей даходзіць рэдка.

Людзі, якія вераць шарлатанам, прафанам ад навукі, што расказваюць пра шкоду вакцын, вельмі рызыкуюць, таму што адзёр — досыць небяспечная інфекцыя. Сто гадоў таму, калі вакцыны ад адру не было, у цяжкія часы ад адру памірала кожнае 50-е дзіця. Гэта азначае да 2% смяротнасці. Гэта вельмі шмат. Зараз у развітых краінах смяротнасць ад адру каля 0,1%. Вядома, адно з тысячы памерлых дзяцей — гэта таксама нямала, але ўсё ж гэта адзін з тысячы, а не больш.

За ўсе гэтыя 100 гадоў мы не навучыліся лячыць адзёр — гэта кепская навіна. Можна неяк палегчыць стан, але значна прадухіліць развіццё ўскладненняў пры адры медыцына не можа гэтак сама, як раней. Медыцына практычна бяссільная. Тое, што дзеці сталі здаравейшыя, кажа пра тое, што палепшыліся харчаванне і гігіена.

 

— Як праяўляецца хвароба і як развіваецца? Якія могуць быць ўскладненні?

— Пасля кантакту з носьбітам адру невакцынаваныя асобы захворваюць практычна ў 100% выпадкаў. Кашаль, насмарк, боль у горле, кан'юктывіт, запаленне слізістых насаглоткі, тэмпература пад 40 градусаў — такія сімптомы могуць пачаць праяўляцца на працягу першых двух тыдняў. У імунізаваных людзей і ў тых, хто мае вельмі моцны імунітэт, на гэтым можа ўсё скончыцца. У іншых хвароба праяўляецца высыпаннем дробных чырвоных болек. На слізістай рота і шчоках могуць з'явіцца плямы Філатава-Копліка — гэта маленечкія бела-блакітныя кропкі, ачагі некрозу. Такі сімптом бывае толькі ў адру.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі