Піневіч абяцае сёлета прарыўныя беларускія медыкаменты
Дапамагчы з засваеннем новых прэпаратаў мусяць партнёры, у тым ліку з КНР / @minzdravbelarus
Беларуская фармацэўтычная галіна працуе над замяшчэннем прэпаратаў, якія з'яўляюцца крытычным імпартам. Сёлета Беларусь з падтрымкай партнёраў плануе засвоіць новыя напрамкі. Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч перад выніковай калегіяй Міністэрства аховы здароўя.
Асаблівую надзею ў беларускім Міністэрстве аховы здароўя ўскладаюць на супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй і Кітаем. Падчас нядаўняга візіту ў КНР былі падпісаныя кантракты ў тым ліку па пастаўцы субстанцый, а "гэта вядзе да зніжэння кошту медыкаментаў і яго больш шырокага спектру", адзначыў Піневіч.
Паводле яго слоў, ідзе праца і са Швейцарыяй, з некаторымі партнёрамі з еўрапейскіх краін.
"Гэты год будзе годам новага партфеля прарыўных медыкаментаў", — паабяцаў міністр.
Ён таксама расказаў, што ў красавіку ў Міністэрстве аховы здароўя плануюць атрымаць першы доследна-прамысловы ўзор беларускай вакцыны ад COVID-19. Потым мусяць прайсці даклінічныя і клінічныя выпрабаванні. Так, "каб вакцына была зарэгістраваная да канца гэтага года", сказаў Піневіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.