У беларускага баксёра Хаміцкага забралі тытул з-за адклеенага пластыра
Суддзя прыняў кур’ёзнае рашэнне пасля таго, як наш баец пачаў збіваць двухразовага чэмпіёна свету з Германіі Шцігліца (ВІДЭА)
Бой у нямецкім Дасаў, дзе беларус Сяргей Хаміцкі сустракаўся з зорным Робертам Шцігліцам, скончыўся ганебным кур’ёзам.
Чакалася, што двухразовы чэмпіён свету ў адну брамку разбярэцца з беларусам. Але Сяргей Хаміцкі упэўнена ўзяў першы раўнд, а пазней паядынак праходзіў у роўнай і бескампрамісным змаганні. Абодва байцы атрымалі гематомы і рассячэнні.
Калі Сяргей Хаміцкі зразумеў, што яго “сечка” можа стаць падставай для спынення бою, то пачаў рызыкаваць. У канцы 9-га раўнда наш баец некалькі разоў акцэтавана трапіў Шцігліцу па корпусе, скалынуў немца уважыстым левым сустрэчным а на апошіх секундах чыста патрапіў імклівай двойкай. Шцігліц страціў арыентацыю і прысеў на калена. Але польскі рэферы Збігнеў Лагаш зрабіў выгляд, што накдаўну не было і ва ўсім вінаваты слізкі рынг.
Да завяршэння двубою заставалася яшчэ цэлыя тры раўнды. І тут пачалося вычварэнства. Не прайшло і трох секунд ад пачатку 10-га раўнда, як паляк спыніў паядынак з-за развязаных пластыраў на пальчатцы Сяргея Хаміцкага. З гэтай прычыны бой быў завершаны. Была зафіксавана “перамога” Роберта Шцігліца тэхнічным накаўтам. Яшчэ ніколі ў гісторыі боксу паядынкі такога ўзроўню не спыняліся з-за адклеенага на пальчатцы пластыру. Можаце нават не шукаць па інтэрнэце, не знойдзеце.
Што праўда, секунданцкі вугал Сяргея Хаміцкага сапраўды выглядаў па-жабрацку. Там не было ні катмана, які мог бы лакалізаваць рассячэнне, ні тэйпіроўшчыка, які мог бы нармальна зафіксаваць пальчаткі пластырам. Не было і трэнера Канстанціна Маханькова.
Трэнер Хаміцкага: “Упершыню ў жыцці такое пабачыў”
“Канстанцін Міхайлавіч, што гэта такое здарылася?” ― звязваемся са спецыялістам на наступны дзень пасля бою.
Канстанцін Маханькоў: “Сказалі, што на пальчатцы развязаўся тэйп, і з гэтай прычыны спынілі чэмпіёнскі бой. Вось такая прычына. Упершыню ў жыцці я сутыкаюся з такой сітуацыяй у прафесійным боксе ды яшчэ і ў тытульным паядынку за званне інтэркантынентальнага чэмпіёна, дзе пераможца выходзіў на бой за планетарны пояс! І нават не напісалі “дыскваліфікацыя”, а падалі гэта ўсё як “тэхнічны накаўт”.
Еўрарадыё: Роберт Шцігліц, было падобна, таксама здзівіўся. Хоць і сказаў: “Гэта бокс, здараецца ўсялякае”.
Канстанцін Маханькоў: “Роберт Шцігліц насамрэч рабіў сваю працу. Гэта рашэнне на сумленні мэнэджараў і прамоўтараў, якія перастрахаваліся і арганізавалі такі вось недарэчны вынік. Дарэчы, нарадзіўся Шцігліц у Расіі, хоць і з’яўляецца немцам па нацыянальнасці. Я сам некалі у якасці спарынг-партнёра дапамагаў яму рыхтавацца да трох паядынкаў. Сябравалі, быў у яго дома, ведаю яго жонку… Вельмі прыкра, што зараз усё так атрымалася. Не далі дагледзець такі класны бой. Людзі былі збянтэжаныя, не разумелі, што здарылася. Адчувалася, што Сяргей Хаміцкі здолее суперніка накаўтаваць”.
Еўрарадыё: Шцігліц прапусціў ад Хаміцкага сакрушальны ўдар злева ў канцы 9-га раўнду. Ці быў там накдаўн, на вашу думку?
Кастанцін Маханькоў: “Канешне, Сяргей нават пайшоў у супрацьлеглы кут. А прамоўтары, напэўна, зразумелі, што запахла смажаным і вырашылі любым спосабам зняць беларуса з бою. Разам з тым у мяне ёсць шмат пытанняў да секундантаў Сяргея. Да таго ж Валерыя Каплі (мэнэджар, ― Еўрарадыё). Як было магчыма так затэйпаваць пальчаткі, што яны развязаліся? Я за ўсю сваю баксёрскую кар’еру такога не бачыў ні разу”.
Еўрарадыё: Але WBO перад боем паставіла на тэйпах сваю пячаць. То бок адканасць ляжыць і на арганізатарах, таму спыненне бою можна аспрэчваць!
Канстанцін Маханькоў: “Вось мы і пабачым, ці стане Беларуская федэрацыя прафесійнага бокса абараняць свайго байца”.
Еўрарадыё: Чаму вы самі не прысутнічалі ў куце Сяргея Хаміцкага? Вы ж яго трэніруеце, вы яго вывелі на пік формы.
Канстанцін Маханькоў: “Я не маю права прысутнічаць на прафесійных паядынках, паводле правілаў AIBA (Аматарскай міжнароднай баксёрскай асацыяцыі, якая курыруе алімпійскі бокс, ― Еўрарадыё). Калі б я там прысутнічаў, то не змог бы паехаць на Алімпіяду, калі нашы баксёры заваююць туды ліцэнзію. А гэта для мяне вельмі важны стымул”.
Сяргей Хаміцкі не ўтойвае, што разлічваў на накаўт у позніх раўндах
Еўрарадыё: Ці мелі вы гутарку з Сяргеем пасля гэтага бою?
Канстанцін Маханькоў: “Так. Ён у вельмі цяжкім маральным стане. Я тое самае адчуваў падчас Алімпіяды ў Лондане, калі забралі медаль ў Сяргея Карнеева (яшчэ адзін вучань Канстанціна Маханькова, ― Еўрарадыё). Тое самае і тут. Заставаліся тры чэмпіёнскія раўнды, быў нанесены шэраг сакрушальных удараў, быў вялікі шанец скончыць гэты бой датэрмінова. Марамі Сяргей ужо біўся за сусветны тытул з Абрахамам”.
Еўрарадыё: Што зараз можа чакаць Хаміцкага?
Канстанцін Маханькоў: “Фармальна ён прайграў бой тэхічным накаўтам і праз гэта спусціўся ў сусветных рэйтынгах. У той жа час усе пабачылі, што хоць Хаміцкі і мае 40 гадоў, ён звышнебяспечны. Ніхто з топавых байцоў не захоча з ім баксіраваць, бо гэта вялікая рызыка. Хто не ведае рэгалій Шцігліца, той і не разабраўся, хто ў рынгу быў двухразовым чэмпіёнам свету. Шцігліц мусіў быць на дзве галавы вышэйшым, а Хаміцкі ― проста нейкім мужыком. А тут гэты 40-гадовы мужык цягам усяго бою ішоў наперад і толькі ён наносіў цяжкія акцэнтаваныя ўдары. Вось што, паводле правілаў, цэніцца ў прафесійным боксе пры аб’ектыўным судзействе. Таму рэваншу са Шцігліцам дакладна не будзе. Немцы не стануць зноўку гуляцца з вагнём”.
Еўрарадыё: Дзе зараз Сяргей Хаміцкі?
Канстанцін Маханькоў: “Ён паляцеў у Швейцарыю да сваёй гёрлфрэнд. Спадзяюся, там ён маральна супакоіцца”.
Эксепрты пра бой Шцігліц Хаміцкі: спрэчна, супярэчліва, ганебна…
Рашэнне польскага рэферы Збігнева Лагаша актыўна абмяркоўваецца ў СМІ і на спецыялізаваных баксёрскіх сайтах.
Зразумела, у нямецкіх медыя проста падаюць сухую інфармацыю пра тое, што іх баец перамог тэхнічным накаўтам.
А вось вытрымкі з аналізу амерыканскага спартовага парталу bleacherreport.com:
“Рэферы спыніў бой, бо вырашыў, што секунданты Хаміцкага занадта доўга мяняюць тэйпы на яго пальчатках. Гэта рашэнне было супярэчлівым”.
“У дзевятым раўндзе Хаміцкаму ўдалося сур’ёзна скалынуць Шцігліца і на момант спынення бой быў вельмі канкурэнтным”, ― выказвае меркаванне самы папулярны на постсавецкай прасторы байцоўскі сайт allboxing.ru. Само спыненне бою рэсурс называе “спрэчным”.
Папулярны ўкраінскі баксёрскі партал boxnews.com.ua назваў двубой Шцігліц-Хаміцкі “ганебным судзейскім свавольствам”.
Фота budzma.by