У Беластоку адкрыецца магістратура для беларусаў
Ініцыятаркай стварэння праграмы стала доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава.
У Беластоцкай палітэхніцы адкрыецца магістратура для беларусаў. Ініцыятаркай стварэння праграмы стала доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава. Пра гэта паведамляе сайт "Твой стыль".
На факультэце менеджменту Беластоцкай палітэхнікі адкрыецца магістарская спецыяльнасць "Менеджмент трансгранічнага гандлю". Спецыяльнасць разлічана на абітурыентаў з вышэйшай або няскончанай вышэйшай адукацыяй. Паступаць могуць студэнты і выпускнікі эканамічных, юрыдычных, гістарычных спецыяльнасцяў, а таксама сацыёлагі. Прыем дакументаў пачнецца ад 1 кастрычніка і будзе доўжыцца да пачатку заняткаў — 1 студзеня.
Будучыя магістры будуць вывучаць комплекс дысцыплін, звязаных з функцыянаваннем мяжы і яе праходжаннем, візавым рэжымам. Асноўная частка прадметаў будзе выкладацца на рускай мове. Некаторыя курсы будуць весціся на польскай і англійскай, асобныя прадметы будуць факультатыўна выкладацца па-беларуску.
Навучанне на новай спецыяльнасці будзе доўжыцца два гады. Пасля абароны дысертацыі выпускнік атрымае дыплом магістра еўрапейскага ўзору. З улікам таго, што Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у нас дыплом таксама павінны прызнаць.
Фота: Fotolia