У Брэсце пакармілі галубоў на знак пратэсту супраць АКБ
У Брэсце сёння зноў кармілі галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода "АйПаўэр". Паводле "Брестской газеты", на плошчы Леніна сабралася каля 150 чалавек, якія пазней арганізаваліся ў калону і прайшліся цэнтральнымі вуліцамі без лозунгаў ды іншых атрыбутаў пратэстаў.
Міліцыя назірала за прысутнымі з боку, але затрыманняў падчас акцыі не было.
Першае "кармленне галубоў" адбылося ў Брэсце 4 сакавіка 2018 года.Тады людзі сабраліся, каб пратэставаць супраць будаўніцтва АКБ, запуск якога, на думку брэстаўчан, пагоршыць экалогію ў горадзе. Акцыі пратэсту часта суправаджаліся затрыманнямі.
На сённяшні дзень будаўніцтва завода амаль скончанае, але ён не атрымлівае дазвол на запуск вытворчасці, бо не прайшоў экалагічную экспертызу Мінпрыроды. Рэалізацыя праекта прыпыненая амаль два месяцы таму рашэннем Брэсцкага аблвыканкама.
Тым не менш актывісты і неабыякавыя грамадзяне працягваюць сустракацца па нядзелях і дамагаюцца поўнага закрыцця праекта.