У Брэсце праходзіць кваліфікацыя на сусветны чэмпіянат па стрытболе
Спаборніцтвы па вулічным баскетболе адбываюцца каля спорткомплексу "Вікторыя".
Red Bull King of the Rock — гэта першы ў гісторыі стрытболу сусветны турнір.
Напярэдадні спартовага мерапрыемства Еўрарадыё паразмаўляла з суарганізатарам турніру — дырэктарам баскетбольнага агенцтва MikeDiesel Аляксандрай Пушкінай. Паводле яе словаў, асноўны канцэпт гульні, які адрозніваецца ад класічнага баскетболу, гэта паядынак "адзін на адзін".
Пушкіна: "Паўдзельнічаць могуць як спартсмены-прафесіяналы, так і аматары — шанец даецца кожнаму. Будзе відовішча, бо супрацьстаянне "адзін на аднаго" паказвае не камандную гульню, а персанальныя якасці кожнага спартсмена. Тым самым ты мусіш быць універсальным гульцом і ў абароне, і ў нападзенні. Кідаць ты мусіш і з трохачковай зоны, і з-пад кальца".
Брэст стане апошнім горадам, у якім выбяруць 10 найлепшых гульцоў. Падобныя спаборніцтвы ўжо прайшлі ў Мінску і Віцебску. Нацыянальная кваліфікацыя пройдзе ў Мірскім замку 19 ліпеня. Пераможца атрымае магчымасць ўдзельнічаць у сусветным фінале, які адбудзецца ў Тайвані на закрытым востраве Самасана.