У Брэсце сацыял-дэмакраты падалі заяўку на дэманстрацыю 1-га траўня
Летась мясцовыя ўлады ўпершыню за 13 гадоў дазволілі такую акцыю, і ў ёй удзельнічалі каля 200 чалавек.
Сёлета заяўнікі спадзяюцца, што дэманстрацыя атрымаецца больш масавай. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі:
"Сёлета мы хочам правесці аналагічную акцыю з колькасцю ўдзельнікаў каля 300 чалавек. Мэта — гэта адзначэнне Міжнароднага дня салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы, дзяржаўнага свята, і прыцягненне ўвагі органаў улады да мясцовых праблем: неабходнасці будаўніцтва школ, дзіцячых садкоў, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый".
Актуальным з’яўляецца таксама паляпшэнне стану вуліц, сказаў Ігар Маслоўскі. Ён адзначыў, што летась цягам кампаніі “Тысяча і адна ямка” ўдалося давесці да нармальнага стану некалькі вуліц горада. Патрабаваць лепшых дарог і вуліц будуць і на 1-га траўня.
Фота — bymedia.net