У Брэсце зноў кармілі галубоў, нягледзячы на спыненне будаўніцтва АКБ
У Брэсце зноў адбылася традыцыйнага нядзельная акцыя "кармлення галубоў" — так праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода "Ай-Паўэр" называюць свае пратэсты. Як перадае радыё "Свабода", каля 300 чалавек сабраліся на плошчы Леніна ў 12:00. Актывісты паведамілі прысутным пра рашэнне Брэсцкага аблвыканкама прыпыніць будаўніцтва прадпрыемства.
Да мітынгоўцаў падыходзіла міліцыя і папярэджвала, што акцыя несанкцыянаваная і за ўдзел у ёй прадугледжваецца адказнасць.
На плошчы прадстаўнікі ініцыятыўнай групы распавялі пра сустрэчу са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам, выказалі задаволенасьць сустрэчай і заявілі, што завод будзе зачынены канчаткова, "гэта толькі пытанне часу".
Людзі пакармілі на плошчы галубоў, паразмаўлялі і прайшлі шэсцем па цэнтральных вуліцах гораду. Яшчэ напярэдадні праціўнікі акумулятарнага заводу дамаўляліся, што ў сувязі з пазытыўнымі перамовамі з кіраўніком вобласці, яны не будуць выкрыкваць ніякіх лозунгаў падчас сённяшняй акцыі.
Міліцыя падчас акцыі нікога не затрымлівала.
Раней актывіст і блогер Сяргей Пятрухін заяўляў, што пратэсты будуць трываць, пакуль завод канчаткова не зачыняць і не вывезуць з яго абсталяванне.