У "чорны спіс" ЕС уключаныя "Матарола" і Кабзон

Ад 16 лютага "чорны спіс" ЕС пашырыўся: пад санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, трапілі яшчэ 19 чалавек і 9 арганізацыяў — гэта ваенныя батальёны сепаратыстаў, якія ваююць на ўсходзе Украіны.

Сярод тых, хто увайшоў у пашыраны "чорны спіс" вядомы данбаскі баявік "Матарола" (Арсеній Паўлаў), спявак і дэпутат Дзярждумы Іосіф Кабзон. Таксама ў спісе ёсць два намеснікі міністра абароны Расіі — Анатоль Антонаў і Аркадзь Бахін.

Агулам у спісе зараз 151 чалавек.

Нагадаем, Еўрасаюз увёў эканамічныя санкцыі ў адказ на дзеянні Расіі ва Украіне (спачатку з-за захопу Крыма, пасля — з-за дзеянняў на Данбасе). Санкцыі ўводзіліся паэтапна, пачынаючы з сакавіка 2014 года. У ліпені ЕС запатрабаваў ад Расіі спыніць падтрымку сепаратыстаў, адвесці войскі ад мяжы з Украінай, выкарыстаць свой уплыў на баевікоў, каб забяспечыць правядзенне міжнароднага расследавання катастрофы "Боінга". Інакш для Расіі пагражалі абмежаваць выхад на еўрапейскі рынак капіталу, на рынак узбраенняў, пашырыць "чорны спіс".

У верасні 2014-га ЕС забараніў пастаўляць тавары двайнога прызначэння дзевяці кампаніям абарончага сектару Расіі, а сярод іх — канцэрну "Калашнікаў". Таксама Еўрасаюз забараніў еўрапейскім кампаніям прадастаўляць расійскім партнёрам паслугі па разведцы і вытворчасці глыбокаводнай і арктычнай нафты, а таксама для праектаў сланцавай нафты. Таксама ЕС зрабіў больш жорсткім доступ да крэдытаў шэрагу дзяржбанкаў Расіі і знізіў тэрміны пазык.

Паэтапна пашыраўся і "чорны спіс" асобаў, якім забараняецца ўезд на тэрыторыю ЕС, а іх актывы мусяць быць замарожаныя. У верасні мінулага года туды трапілі дэпутаты Дзярждумы Жырыноўскі, Левічаў, Лебедзеў, Мельнікаў, Бабакоў, гендырэктар "Растэха" Чэмезаў, лідар так званай "ДНР" Захарчанка.

Расія ў адказ у пачатку жніўня ўвяла "антысанкцыі", забараніўшы імпарт шэрагу тавараў з краін ЕС (ялавіччына, свініна, садавіна, сыры, птушка, малочная прадукцыя).

Лідары ЕС ад пачатку падкрэслівалі, што Еўрасаюз гатовы адмяніць эканамічныя санкцыі супраць Расіі, калі Масква пачне актыўна ўдзельнічаць у пошуках вырашэння крызісу ва Украіне.

Нагадаем, што санкцыі супраць Расіі былі ўведзеныя з-за ўкраінскіх падзеяў і ЗША.

Фота — ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі