У Гомелі пройдзе публічная дыскусія пра гарадскі актывізм
21 траўня а 18-й у event-прасторы “Платформа” ў Гомелі адбудзецца публічная дыскусія “Гарадскі варушняк у Гомелі: актывізм ці тусоўка?”. Імпрэза пройдзе ў фармаце мадэруемай дыскусіі са спікерамі – вядомымі ў Гомелі актывістамі:
– Аляксандра Лазарэнка – арт-менеджарка, вядоўца адукацыйных праграм для дзяцей і дарослых, грамадзянская актывістка і каардынатарка валанцёрскага дабрачыннага праекта OpShop;
– Дзмітрый Люсікаў – адзін з арганізатараў гомельскага кінаклуба, стваральнік YouTube-канала са штотыднёвымі відэаэсэ пра кінематограф;
– Святлана Кароль – гарадская актывістка, адна з найбольш заўважных удзельніц гомельскага веларуху, сябра Мінскага роварнага таварыства.
Гэтай імпрэзай стартуе “Гарадскі лекторый” – адукацыйны некамерцыйны праект, закліканы стаць пляцоўкай для новых ведаў, дыскусій і абмену досведам пра горад і гараджан, пра гарадское развіццё і актывізм. На думку арганізатараў, публічная дыскусія пра гарадскі варушняк у Гомелі – добрая магчымасць пазнаёміцца і абмеркаваць гарадскі актывізм, валанцёрства і праблемы, з якімі сутыкаюцца гараджане, якія жадаюць палепшыць свой горад.
– Падчас імпрэзы мы даведаемся пра актыўнасці спікераў: які гарадскі актывізм у Гомелі, чым жыве і з якімі выклікамі сутыкаецца. Таксама паспрабуем зразумець, ці рухаемся мы наперад: актыўнічаем ці ўсё ж тусуемся? І ацэнім уплыў на нас 2020 года.
Уваход на публічную дыскусію бясплатны з папярэдняй рэгістрацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.