Сёння праходзяць суды над дзясяткамі ўдзельнікаў "маршаў недармаедаў"

Сёння праходзяць суды над дзясяткамі ўдзельнікаў "маршаў недармаедаў"

У аўторак, 14 сакавіка, у Гродне праходзяць суды над 11 удзельнікамі "маршу недармаедаў". Акцыя адбылася ў горадзе 19 лютага, у ёй паўдзельнічала каля ста чалавек. Радыё Свабода адзначае, што суды прызначаныя напярэдадні чарговай вулічнай акцыі ў Гродне, якая не была дазволена мясцовымі ўладамі. Адміністрацыйныя справы разглядае Ленінскі раённы суд.

Сёння суды таксама праходзяць у Бабруйску, Брэсце і Баранавічах. У Брэсце блогера Сяргея Пятрухіна завочна асудзілі на 15 сутак арышту. Сам ён сёння ў судзе не з'явіўся. 15 сутак арышту ў Ленінскім раённым судзе атрымаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і блогер Дзмітрый Гарбуноў.

У Баранавічах суд над Яўгенам Жураўскім, Барысам Шырынгай і Міхаілам Стрэльчыкам перанеслі на 15 сакавіка. У сераду таксама будуць судзіць бацьку і сына Чарнавусаў.

Тым часам у Мінску затрымалі сябраў "Моладзі БНФ" Мікіту Краснакуцкага і Мікалая Логвінава.

А ў панядзелак у Оршы, Брэсце і Гомелі прайшлі суды над удзельнікамі "маршаў недармаедаў", а таксама над некалькімі журналістамі, якія іх асвятлялі. Людзей штрафавалі альбо прысуджалі адміністрацыйны арышт. Так, на 15 сутак адпраўлены за краты ў Оршы палітык Павел Севярынец, на 13 сутак завочна асуджаны ў Гомелі, а пасля затрыманы АМАПам вядомы блогер Максім Філіповіч.

Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алена Арцёменка мяркуе, што пашырэння пратэстаў чакаць не варта. У тым ліку і з-за таго, што нямала апазіцыянераў апынулася за кратамі.

Бліжэйшая акцыя супраць дэкрэту № 3 мусіць адбыцца ў Мінску 15 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі