У Італіі арыштавалі чарговую маёмасць расійскага алігарха
У Італіі фінансавая гвардыя арыштавала нерухомасць чарговага расійскага алігарха, які трапіў пад санкцыі Еўрасаюза, пішуць СМІ.
Гаворка ідзе пры жылы комплекс у горадзе Олбія на Сардзініі. Належыць ён уладальніку "Северстали" Аляксею Мардашову. Кошт нерухомасці ацэньваецца прыкладна ў 105 мільёнаў еўра. Раней у Італіі арыштавалі яхту Мардашова — яна каштуе 65 мільёнаў еўра.
Гэта не першы арышт у Еўропе маёмасці, якая належыць расіянам.
Улады Іспаніі затрымалі яхту "Crescent", якая, мяркуецца, належыць кіраўніку "Раснафты" Ігару Сечыну. Улады Маёркі затрымалі яхту алігарха Аляксандра Міхеева і судна, якое знаходзілася ў рамонце на верфі ў Барселоне і звязанае з кіраўніком "Растэха" Сяргеем Чэмезавым. Раней італьянскія ўлады наклалі арышт на нерухомасць расійскага алігарха Алішэра Усманава і тэлевядоўцы Уладзіміра Салаўёва: Усманаву належыць віла на Сардзініі, Салаўёву — дзве вілы на возеры Кома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.