У кароўніку на Мсціслаўшчыне пракурорскую праверку сустрэў смог
На малочна-таварным комплексе "Мілейкава" ААТ "Натопа-Агра" праверка выявіла грубыя парушэнні ўмоваў утрымання буйной рагатай жывёлы. Пра гэта паведамляецца на сайце Генеральнай пракуратуры.
Праверку ладзіла пракуратура Мсціслаўскага раёна разам з галоўным ветлекарам Мсціслаўскай раённай ветэрынарнай станцыі. Пра парушэнні стала вядома з адной з сацыяльных сетак.
У адным з хлявоў праверка сутыкнулася са смогам: у гэтым памяшканні была заблакаваная вентыляцыя. Памяшканне, дзе знаходзіцца буйная рагатая жывёла, не было прыбранае. Месца выгулу мела шышкаватую паверхню, што сведчыць пра нясвоечасовую прыборку прадуктаў жыццядзейнасці жывёл.
У іншым хляве пасля ўборкі арганікі на момант праверкі не было падсцілкі, што недапушчальна. У двух цялятаў на задніх канечнасцях выявілі глыбокія раны — мяркуецца, што яны былі атрыманыя пры накладанні шпагата або вяроўкі на суставы пры аказанні родадапамогі.
Нягледзячы на неаднаразовыя заўвагі ветлекараў на момант праверкі ў якасці падсцілкі для цялятаў выкарыстоўвалася змерзлая, мокрая і гнілая салома. Самі жывёлы былі хворыя.
Пракуратура раёна ўнесла выканаўцу абавязкаў дырэктара ААТ "Натопа-Агра" прадстаўленне з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя парушэнні, прычыны і ўмовы, якія ім спрыялі. Таксама прапанавана разгледзець пытанне аб прыцягненні вінаватых асоб да дысцыплінарнай адказнасці.