У Казані разбіўся “Боінг”, загінула 50 чалавек

Самалёт разбіўся ў 19:25 па маскоўскім часе (18:25 па Мінску) пры заходзе на пасадку. "Боінг" страціў вышыню, пасля сутыкнення з зямлёй загарэўся, у яго выбухнулі бензабакі. Пажар, які ўзнік на месцы катастрофы, патушаны.

Па папярэдніх звестках, на борце знаходзіліся 44 пасажыры і 6 членаў экіпажа. Усе яны загінулі. Дзяцей сярод іх не было. Агенцтва “ИТАР-ТАСС” са спасылкай на Росавіяцыю паведамляе, што самалёт належаў авіякампаніі "Татарстан".

У Мінтрансе РФ створаная камісія па ліквідацыі наступстваў авіякатастрофы. Праверку па факце крушэння самалёта пачаў Следчы камітэт Расіі. Распачатая крымінальная справа аб парушэнні правілаў бяспекі палётаў.

Па словах прадстаўніка СК РФ Уладзіміра Маркіна, падчас следства "будуць правярацца ўсе магчымыя версіі, у тым ліку звязаныя з памылкай пілатавання , тэхнічнай няспраўнасцю і пагоднымі ўмовамі". У якасці асноўных зараз разглядаюцца тры версіі: тэхнічная няспраўнасць самалёта, магчымая памылка пілотаў і дрэннае надвор'е.

Зрэшты, агенцтва “РИА “Новости” піша, што надвор'е ў аэрапорце Казані на момант крушэння не перашкаджала пасадцы Boeing 737-500. "Надвор'е, па папярэдніх дадзеных, было нармальным для самалётаў такога тыпу", — сказаў суразмоўца агенцтва ў Сітуацыйным цэнтры Расгідрамета.

Фота: ria.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі