У Лазане ў студзені 2017-га пройдуць слуханні па справе беларускіх цяжкаатлетаў

У Лазане ў студзені 2017-га пройдуць слуханні па справе беларускіх цяжкаатлетаў

27 студзеня Міжнародны спартыўны арбітражны суд (CAS) у Лазане разгледзіць пазоў Беларускага цяжкаатлетычнага саюза, інфармуе БЕЛТА.

Беларусь звярнулася ў Міжнародны спартыўны арбітраж з пытаннем, ці мае права Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі адхіляць нашу зборную ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах на год.

Прычынай адхілення было тое, што некалькі беларускіх штангістаў атрымалі дыскваліфікацыю за ўжыванне допінгу і былі пазбаўленыя ўзнагарод, заваяваных на міжнародных турнірах, у тым ліку на Алімпійскіх гульнях у Пекіне-2008 і Лондане-2012. Дарэчы, такія ж праблемы маюць цяжкаатлеты Казахстана і Расіі. Іх справы таксама будуць разглядацца ў Лазане напрыканцы студзеня.

У чэрвені 2016 года Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі прыняла рашэнне пра факты допінгу, выяўленыя пры пераправерцы пробаў пекінскай і лонданскай Аліміпіядаў. Калі ў спартоўцаў адной краіны знойдуць тры і больш станоўчых вынікі пры праверцы на допінг, то каманды гэтых краінаў атрымоўваюць дыскваліфікацыю на год. У беларускіх цяжкаатлетаў пры пераправерцы пробаў выявілі сем парушэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі