Беларускім цяжкаатлетам дазволілі выступаць толькі ў шэрай форме
На турнірах па цяжкай атлетыцы зноў з'явяцца прадстаўнікі РБ і РФ / pixabay.com
Беларускім і расійскім цяжкаатлетам дазволілі выступаць толькі ў шэрай форме. На ёй не павінна быць ніякіх надпісаў або малюнкаў, паведамляе Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі. Днямі яна дазволіла беларусам і расіянам удзельнічаць у спаборніцтвах у нейтральным статусе.
У шэрай форме мусіць быць і дапаможны персанал. Арганізатары спаборніцтваў будуць сачыць, каб на ёй не было "якіх-небудзь надпісаў, знакаў або маркіровак, якія можна разумець як адсылку да вайны і яе падтрымку".
У сакавіку 2022-га выканкам Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі адхіліў беларускіх і расійскіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў і забараніў праводзіць у РБ і РФ турніры пад эгідай арганізацыі. Сёлета Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць беларусаў і расіян да турніраў у нейтральным статусе і пры выкананні пэўных патрабаванняў. Некаторыя федэрацыі выконваюць рэкамендацыі, іншыя працягваюць адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.