У Літве прапануюць забараніць георгіеўскія стужкі

У Літве прапануюць забараніць георгіеўскія стужкі

Дэпутаты Сейма ад партыі "Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы" выступілі з прапановай забараніць выкарыстанне георгіеўскай стужкі на масавых мерапрыемствах, перадае ru.delfi.lt.

Такая папраўка да некалькіх законаў была прапанаваная Габрыэлюсам Ландсбергісам, Аўдронюсам Ажубалісам, Лаўрынасам Кашчунасам, Радвіле Маркунайтэ-Мікулянене, Рымантасам Дагісам і Паўлюсам Саўдаргасам.

Калі папраўкі ў законы будуць прынятыя, выкарыстанне георгіеўскай стужкі падчас публічных мерапрыемстваў альбо яе нашэнне стане адміністрацыйным правапарушэннем. 

Каментуючы прапанову, Ажубаліс патлумачыў яе новымі геапалітычнымі рэаліямі і выклікамі для нацыянальнай бяспекі. Па яго словах, гэта неабходна, каб "абараніць такія важныя прынцыпы і каштоўнасці, як суверэнітэт, свабода і дэмакратычная сістэма".

"Папраўкі ўнесеныя ў Закон аб сходах і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і скіраваныя на тое, каб двухколерную чорна-аранжавую георгіеўскую стужку аднесці да нацысцкай і камуністычнай сымболікі, распаўсюд або дэманстрацыя якой абмежаваныя, і за невыкананне абмежавання ўжываецца адміністрацыйная адказнасць", — сцвярджаюць дэпутаты-кансерватары. 

Ажубаліс дадае, што Літве няма чаго святкаваць, бо канец той вайны прынёс краіне 50 гадоў савецкай акупацыі. А цяперашняе расійскае кіраўніцтва, па словах палітыка, не пагаджаецца асудзіць злачынствы сталінскіх рэпрэсій і таталітарнага рэжыму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі