У Мінску адкрываецца кінафестываль “Лістапад”
Міжнародны кінафестываль “Лістапад” адкрываецца ў Мінску сёння, 4 лістапада. Гэты кінафорум праводзіцца ў беларускай сталіцы ўжо ў дваццаць трэці раз. У першы дзень яго працы паказы фільмаў пройдуць у кінатэатрах “Цэнтральны” і “Мір”, а цырымонія адкрыцця пачнецца ў 17.30 у “Маскве”, паведамляе БЕЛТА. На адкрыццё пакажуць расійскую стужку “Пецярбург. Толькі па каханні”.
У наступныя дні паказы фільмаў будуць праходзіць таксама ў кінатэатрах “Піянер”, “Перамога”, у Музеі гісторыі беларускага кіно. Дэвіз сёлетняга “Лістапада”— “Насустрач натхненню”. У праграме — 159 карцін з 45 краінаў, прычым 83 працы — конкурсныя.
У асноўным конкурсе гульнявога кіно будуць прадстаўленыя 11 фільмаў, у конкурсе “Маладосць на маршы” — 12. На конкурс дзіцячых і юнацкіх фільмаў выставілі 8 карцін, на асноўны конкурс дакументальнага кіно — 12. У конкурсе нацыянальных кінашкол прымуць удзел 6 кінашколаў з 16 працамі, у нацыянальным конкурсе — 24 фільмы.