У Мінску бярозавы гай высякаюць дзеля будаўніцтва паркінга

У Мінску бярозавы гай высякаюць дзеля будаўніцтва паркінга

Бярозавы гай у мінскім мікрараёне Сухарава высякаюць дзеля будаўніцтва паркінга. Людзі звярнуліся на тэлеканал АНТ з просьбай разабрацца ў сітуацыі. На думку жыхароў, дрэвы пілуюць незаконна, бо план забудовы тэрыторыі не праходзіў грамадскае абмеркаванне.

Жыхары вуліцы Маршала Лосіка перажываюць за знішчаную зону адпачынку. Упадабанае месца для прагулак з дзецьмі за некалькі дзён ператварылася ў пустку.

План добраўпарадкавання зялёнай тэрыторыі з'явіўся ў інтэрнэце на мінулым тыдні. Жыхароў нават запрасілі на грамадскае абмеркаванне. Праўда, пройдзе яно толькі напрыканцы лістапада, калі ад бяроз, хутчэй за ўсё, застануцца адны пні.

Мясцовыя чыноўнікі запэўніваюць, што ўсё робіцца ў адпаведнасці з законам. Блытаніна з планам забудовы ўзнікла таму, што што па гэтай тэрыторыі праходзіць мяжа Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў. Будаўніцтва паркінга было ўзгодненае адміністрацыяй Фрунзенскага раёна каля пяці гадоў таму, яшчэ да засялення цяперашніх жыхароў.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Дзяніс Драпей запэўнівае, што акрамя пракладкі інжынерных сетак, будаўніцтва дарогі, жылля і паркінгаў знойдзецца месца і для зялёнай зоны. "Тэрыторыя, якая знаходзіцца крыху далей, будзе ў далейшым уладкоўвацца як зона адпачынку, парк", — заяўляе чыноўнік.

Добраўпарадкаваннем зялёнай зоны зоймецца адміністрацыя Маскоўскага раёна. Там і чакаюць жыхароў для абмеркавання праекта. Па словах начальніка ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтве адміністрацыі Маскоўскага раёна Уладзіміра Каспяровіча, у зоне адпачынку плануецца размясціць таксама спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі