У Мінску кіроўца ўцякаў ад ДАІ ды ўрэзаўся ў машыну міліцыі
У Мінску кіроўца легкавіка ўцякаў ад ДАІ і пры гэтым урэзаўся ў машыну міліцыі. Як паведамляе БЕЛТА, здарэнне адбылося ў нядзелю. На скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Дарашэвіча легкавік “Фальксваген” з расійскімі нумарамі не выканаў патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні. Ён паехаў па праспекце Незалежнасці, потым збочыў на Акадэмічную і пасля — на Платонава. Там ён не справіўся з кіраваннем і машыну вынесла на сустрэчную паласу, па якой ішоў аўтамабіль Дэпартамента аховы МУС.
Гэтая машына не ўдзельнічала ў пераследзе і ехала сваім маршрутам. Тут “Фальксваген” ад сутыкнення вынесла на трамвайныя шляхі, дзе аўтамабіль сутыкнуўся з агароджай і загарэўся. Узгаранне ліквідавалі супрацоўнікі МНС.
Кіроўца машыны спачатку сказаў, што ён грамадзянін Расіі, але пазней высветлілася, што ён беларус, пазбаўлены правоў за п’яную язду.
Двое супрацоўнікаў Дэпартаменту МУС, якія ехалі ў сваёй службовай машыне, пацярпелі і трапілі ў лякарню.