У Мінску пройдуць дэбаты паміж кандыдатамі ў дэпутаты, але не ў жывым эфіры

Удзельнічаць у дэбатах пагадзіліся Генадзь Давыдзька і Сяргей Клішэвіч / sb.by, minsknews.by
Удзельнічаць у дэбатах пагадзіліся Генадзь Давыдзька і Сяргей Клішэвіч / sb.by, minsknews.by

У Мінску пройдуць дэбаты паміж кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але не ў прамым эфіры. Вядома, што дэбаты будуць запісвацца на наступным тыдні, іх пакажа тэлеканал "Беларусь 3".

Аб сваім удзеле ў дэбатах паведамілі кандыдат па Усходняй выбарчай акрузе №107 Андрэй Бажко і кандыдат па Кастрычніцкай выбарчай акрузе №97 Яўген Казлоўскі. Абодва яны з Рэспубліканскай партыі. Па словах Бажко, ён будзе дэбатаваць з кіраўніком праўладнай "Белай Русі" Генадзем Давыдзькам і яшчэ чатырма кандыдатамі. Абменьвацца думкамі з Казлоўскім будзе першы сакратар Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ Сяргей Клішэвіч.

Калі дэбаты выйдуць у эфір, кандыдатам пакуль невядома.

Раней Генадзя Давыдзьку выклікаў на дэбаты ў студыі Еўрарадыё старшыня апазіцыйнага руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч. Аднак старшыня "Белай Русі" адмовіўся. Пазней Губарэвічу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

Тэледэбаты праводзяцца для таго, каб двое ці больш кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маглі выказацца аб праблемах, значных для грамадства, і пракаментаваць думкі адно аднаго. Таксама падчас дэбатаў кандыдаты маюць права пракаментаваць выбарчыя праграмы іншых кандыдатаў.

Тэледэбаты праводзяцца са згоды кандыдатаў. Але калі кандыдат адмаўляецца ўдзельнічаць у дэбатах, ён не атрымлівае больш бясплатнага эфірнага часу. Таксама паводле Выбарчага кодэксу кандыдат мае права адправіць на дэбаты сваю давераную асобу.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання пройдуць 17 лістапада.

Яўген Казлоўскі ў студыі Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі