У Мінску скінхеды наладзілі правакацыю супраць актывіста Саюзу палякаў

У Мінску адбылася правакацыя супраць актывіста Саюзу палякаў, журналіста Ігара Банцара. 11 лістапада сябры гэтай арганізацыі з усёй Беларусі і польскія дыпламаты прысутнічалі на набажэнстве ў Чырвоным касцёле, пасля чаго накіраваліся ў касцёльны двор, дзе ў адным з памяшканняў мусіла адбыцца мерапрыемства з нагоды Дня незалежнасці Польшчы. Пра тое, што адбылося далей, “Еўрарадыё” распавёў Ігар Банцар:

“Калі консулы і дыпламаты ўжо зайшлі ў памяшканне, а я ішоў апошнім, невядома адкуль з’явіліся чалавек 10 маладых, агрэсіўна настроеных людзей. Яны былі апранутыя ў вайсковыя штаны. Пачалі прозвішча маё выгукваць. Нецэнзурна лаяліся. Я быў у поўнай разгубленасці”.

Паводле словаў Банцара, невядомыя хлопцы выкідвалі ўверх рукі і выгуквалі абразы ў яго адрас і адрас палякаў. Неўзабаве яны хутка сышлі. Усё гэта адбывалася на вачах некалькіх сябраў Саюзу палякаў і дырэктара Польскага інстытута.

Ігар Банцар мяркуе, што такую ўвагу да яго асобы мог справакаваць яго нядаўні заўчасны выхад з-за кратаў – пад ціскам еўрапейскіх структураў замест 10 сутак арышту ён адседзеў 7 сутак. “Некаму гэта не спадабалася”, кажа ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі