У МЗС Украіны назвалі заяву КДБ РБ правакацыяй
У МЗС Украіны назвалі заяву КДБ РБ пра "ліквідацыю рэзідэнтуры Украіны", якая "дзейнічала пад дыпламатычным прыкрыццём", правакацыяй. Афіцыйны прадстаўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства Алег Ніколенка звярнуў увагу на той факт, што ў "шпіёны" дзяржбяспека РБ запісала супрацоўнікаў украінскага пасольства, якія "афіцыйна прадстаўляюць розныя ведамствы Украіны", а да вайны яны праводзілі "сотні сустрэч з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі". "Такую дзейнасць наўрад ці можна назваць "пад прыкрыццём", — адзначае прадстаўнік МЗС Украіны.
У Кіеве заявілі, што "чарговыя несяброўскія заявы беларускіх службовых асоб на адрас Украіны яшчэ больш ускладняюць двухбаковыя дачыненні нашых дзяржаваў". Украіна пакідае за сабой права на адказ.
"Разлічваем, што канчатковай мэтай гэтай правакацыі не з'яўляецца ўзмацненне антыўкраінскай істэрыі ў Беларусі, каб апраўдаць падтрымку ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны", — падкрэсліў Алег Ніколенка. Ён адзначыў, што супрацоўнікі ўкраінскага пасольства "у бяспецы і добрым здароўі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.