У польскіх лякарнях застаецца 5 беларусаў, пацярпелых у ДТЗ пад Лоддзю
У польскіх лякарнях застаюцца пяцёра беларусаў, пацярпелых у ДТЗ пад Лоддзю. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на тэлеканал “Беларусь 1”, мясцовыя ўлады забяспечваюць пасажыраў турыстычнага аўтобуса ўсім неабходным. Польскія праваахоўнікі расследуюць дарожны інцыдэнт, каб высветліць прычыну аварыі. Вядома, што кіроўца у момант ДТЗ быў цвярозы.
Інцыдэнт адбыўся сёння ў 3.30 на трасе А2 у кірунку Варшавы, непадалёк ад мясцовасці Завады. Аўтобус маркі EOS з невядомых прычынаў з’ехаў на абочыну, а затым зваліўся ў роў. 49-гадовы кіроўца аўтобуса паведаміў, што перад аварыяй чуў падазроны гук, які мог сведчыць пра няспраўнасці ў транспартным сродку.
У аўтобусе было 43 чалавекі. 20 з іх пацярпелі і былі дастаўленыя ў лякарні Лодзі і Варшавы з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Большасць з іх былі выпісаныя і іх павезлі дадому іншым аўтобусам.