У Празе прайшоў антырасійскі марш (відэа)
Прэзідэнта Чэхіі Мілаша Зэмана асвісталі і закідалі яйкамі.
У Празе адбыўся марш у гонар 25-й гадавіны "аксамітнай рэвалюцыі", у якім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Дзея, што пачалася з урачыстасцяў, перарасла ў акцыю пратэсту. Як перадае ВВС, удзельнікі акцыі выказалі незадавальненне прэзідэнту Чэхіі Мілашу Зэману за яго прарасійскую пазіцыю.
Падчас выступу Зэмана людзі, якія сабраліся на мітынг, пачалі яго асвістваць і паказваць чырвоныя карткі, што ў футболе азначае "выдаленне з поля".
А неўзабаве ў бок сцэны паляцелі яйкі. Па паведамленні Франс Прэс, нехта з пратэстоўцаў пацэліў яйкам у галаву прэзідэнту ФРГ Ёахіму Гаўку, які прыехаў на ўрачыстасці.
"Мілаш Зэман сказаў Ёахіму Гаўку: прабачце мне, спадар прэзідэнт, гэта яйка прызначалася мне, а не вам", — гаворыцца ў каментары прадстаўніка чэшскага прэзідэнта.
Фота — ČT24