У Саудаўскай Аравіі нежанатым турыстам дазволілі жыць у гатэлі парамі
У Саудаўскай Аравіі турыстам, якія прыехалі на адпачынак парамі, але не з’яўляюцца сужэнцамі, дазволілі сяліцца разам у адным пакоі гатэля, паведамляе Reuters. Раней іх сялілі разам толькі ў выпадку, калі яны падавалі доказы шлюбу.
Новае правіла не распаўсюджваецца на грамадзян СА, якія па-ранейшаму павінны паказваць дакументы аб шлюбе.
Апроч таго, жанчынам цяпер дазволена арандаваць адзіночныя пакоі ў гатэлях, нават калі яны не турысткі.
Цяпер у Саудаўскай Аравіі ажыццяўляюцца рэформы, скіраваныя на тое, каб зрабіць краіну больш адкрытай для замежнікаў і даць болей правоў жанчынам.
У верасні ўвялі турыстычныя візы для індывідуальных турыстаў, хоць раней у краіну пускалі толькі працоўных мігрантаў, пілігрымаў у святыя месцы, а таксама замежнікаў, якія ехалі ў бізнэс-вандроўкі, на канцэрт або на спартовыя спаборніцтвы.
За апошнія гады саудаўскім жанчынам дазволілі хадзіць на футбол, кіраваць аўтамабілем, служыць у войску, а таксама атрымліваць пашпарт і выязджаць за мяжу. Праўда, шмат у чым тут ёсць абмежаванні, калі патрабуецца дазвол мужа або сваяка мужчынскага полу.