У суботу ў Гродне сустрэнуцца "Нёман" і БАТЭ
4 красавіка пройдуць матчы ў адказ чвэрцьфіналу Кубка Беларусі па футболе.
У суботу, 4 красавіка, пройдуць чатыры матчы 1/4 фінала Кубка Беларусі па футболе. Цэнтральным і бадай самым напружаным матчам стане супрацьстаянне сталічнага "Дынама" на выездзе супраць "Віцебска" (пачатак а 13-й гадзіне). У першай гульні ў Мінску нечакана перамог "Віцебск" (2:1), хоць бела-блакітныя значна больш валодалі ініцыятывай.
БАТЭ паедзе ў госці да гродзенскага "Нёмана", маючы ў запасе хатнюю перамогу з мінімальным лікам 1:0. Матч пачнецца а 16-й гадзіне.
Салігорскі "Шахцёр" прыме мікашэвіцкі "Граніт" (пачатак у 16.30). У іх першым матчы была нулявая нічыя. Бабруйская "Белшына" завітае ў госці да брэсцкага "Дынама" (пачатак а 14-й гадзіне). У іх папярэдняй сустрэчы лік таксама адкрыты не быў.
Нагадаем, чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе стартуе 10-11 красавіка.