Украіна не будзе ўдзельнічаць у “Еўрабачанні-2015”
Бо няма грошай.
Украіна адмовілася ад удзелу ў песенным конкурсе “Еўрабачанне-2015” з-за абмежаваных фінансавых магчымасцяў.
Паводле гендырэктара Першага нацыянальнага тэлеканала Украіны Зураба Аласаніі, недахоп грошай на ўдзел у конкурсе немінуча прывядзе да кепскіх вынікаў.
“Шмат прычын, ад эканамічных да палітычных. Але кароткі і шчыры тэзіс выглядае проста: не да месца, і не да часу. Не хочацца, “сцяўшы зубы і праз сілы”, праводзіць песенны адбор, ладзячы “га-ля-ля” на Нацыянальным канале восенню-зімой 2014-га”, — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Зураб Аласанія.
На сёлетнім “Еўрабачанні”, якое праходзіла ў Даніі, Украіна заняла шостае месца.
Аласанія таксама выказаў спадзеў, што Украіна зноў прыме ўдзел у конкурсе ў 2016 годзе, перадае ВВС.