Украіна не падоўжыла санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў

Украіна не падоўжыла санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў

Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны не падоўжыла санкцыі супраць мінскага ААТ "Свет піва" і Мазырскага спіртагарэлачнага завода, паведамляе Радыё "Свабода". Гэта вынікае з указа прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які быў падпісаны 14 траўня.

Кампанія "Свет піва" праз Растоў пастаўляла прадукцыю ў самаабвешчаную ДНР і фігуравала ў крымінальнай справе, пачатай супраць грамадзяніна Украіны, які распрацаваў гэтую схему гандлю. 

Санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя ў траўні 2018 года на тры гады. Цяпер гэтыя кампаніі могуць аднавіць супрацу з украінскімі партнёрамі.

Пад украінскія санкцыі (бестэрміновае блакаванне актываў і забарона любой дзейнасьці ва Украіне) трапілі тры беларускія "злодзеі ў законе": Павел Алексіевіч (у крымінальных колах вядомы як "Паштэт"), Алег Герасімовіч (вядомы ў крымінальных колах як "Алег Слуцкі" і "Муму") і Аляксандр Кушнераў (у крымінальных колах вядомы як "Саша Кушнер" і "Саша Беларус").

Агулам ва ўкраінскі "чорны спіс" трапілі 138 юрыдычных і 674 фізічныя асобы, звязаныя з агрэсіяй Расіі ды крымінальнымі коламі.

Сёлета ў сакавіку Украіна наклала санкцыі на мінскія кампаніі "Лайф Груп" (дыстрыбутар беларускіх касметычных брэндаў) і "Экмі Касметыкс Груп" (займаецца вытворчасцю парфумных і касметычных сродкаў). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі