Украінцы раскрылі таямніцу “чупакабры” (фота)
У Запарожскай вобласці ўдалося забіць невядомую пачвару, калі яна палявала на качак.
Застрэліў “чупакабру” уладальнік невялікай гаспадаркі. Ён адразу перадаў труп жывёлы біёлагам, якія і высветлілі, што “чупакабра” насамрэч з’яўляецца янотападобным сабакам, паведамляе сайт fakty.ua
“Гэта малады самец янотападобнага сабакі”, - безапеляцыйна заявіў доктар біялагічных навук прафесар Таўрычаскага агротэхналагічнага універсітэта Анатоль Волах.
Янотападобнага сабаку сталі разводзіць у СССР у калгасах ў 1939 годзе, ён мае вельмі добры мех. А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, усіх жывёл выпусцілі ў натуральныя прыродныя ўмовы. Янотападобны сабака - драпежнік, але сілкуецца і расліннай ежай. Не грэбуе таксама падаллю і харчовымі адкідамі.
Нагадаем таксама, што на днях вельмі падобную жывёлу забілі ў Беларусі, у Докшыцкім раёне.