Украінскае збожжа паступіць на сусветны рынак праз Румынію і Польшчу
Злакавыя культуры / Еўрарадыё
Украіна распрацавала два маршруты для экспарту збожжа праз Польшчу і Румынію, піша Reuters са спасылкай на намесніка міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Сеніка. Па словах чыноўніка, перамовы аб трэцім калідоры вядуцца з краінамі Балтыі.
"Гэтыя маршруты не ідэальныя, але мы робім усё магчымае, каб развіваць іх", — сказаў Сенік.
Паводле Сеніка, на дадзены момант на тэрыторыі Украіны захоўваецца да 30 мільёнаў тон збожжа, гатовых да экспарту на сусветны рынак. Аднак з-за блакады марскіх партоў Украіна можа вывезці зерне толькі аўтамабільным і рачным транспартам, а таксама чыгункай.
Раней дапамагчы Украіне з вывазам збожжа падахвоціўся афіцыйны Мінск. З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка нават правёў тэлефонныя перамовы з генсекам ААН Антоніу Гутэрышам. У абмен на транзіт украінскага збожжа ў парты Балтыі праз тэрыторыю Беларусі Лукашэнка запатрабаваў, каб гэтыя ж парты былі адчыненыя і для транзіту беларускіх грузаў. На дадзены момант гэта немагчыма праз санкцыі супраць Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.