Украінскі амбасадар не мае звестак пра абмен "шпіёнамі" паміж Мінскам і Кіевам

Украінскі амбасадар не мае звестак пра абмен "шпіёнамі" паміж Мінскам і Кіевам

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім абвяргае звесткі пра нібыта дасягнутую дамоўленасць абмяняць арыштаванага ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку на беларуса Юрыя Палітыку.

"Пра такія дамоўленасці мне невядома. Як па мне, то гэта выдаецца жаданае за сапраўднае. У цэлым гэты "ўкід" падобны да правакацыі", — цытуюуць "Украінскія навіны" словы Кізіма.

Звесткі пра магчымы абмен Шаройкі і Палітыкі з'явіліся ў СМІ ў панядзелак 26 сакавіка. Паведамлялася, быццам пра гэта дамовіліся на сустрэчы высокапастаўленых прадстаўнікоў з Украіны і Беларусі. 

Украінскага журналіста Паўла Шаройку затрымалі ў Беларусі ў лістападзе 2017 года. Яго абвінавацілі ў шпіянажы і таемна судзілі.

33-гадовага беларуса Юрыя Палітыку затрымалі ва Украіне летам 2017 года. Яго вінавацяць у шпіянажы. Па звестках следства, ён спрабаваў вывезці ў сваім смартфоне аэраздымкі зоны Антытэрарыстычнай аперацыі з сакрэтнай мапай наступальнай аперацыі "Шторм". Суд над Палітыкам працягваецца, яму пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі