Улады адмаўляюцца змякчыць пакаранне Казуліну

Палітвязню Аляксандру Казуліну паўторна адмоўлена ў змякчэнні пакарання, паведамілі “Інтэрфаксу” ў сераду ў папраўчай калоніі “Віцьба-3”, дзе ён адбывае пакаранне. Як раней паведамлялася, 13 сакавіка бягучага года дачка Казуліна Юлія накіравала прашэнне аб замене яе бацьку пакарання на больш мяккае. Яна прасіла замяніць рэшту тэрміну зняволення на грамадскія ці папраўчыя працы, а таксама перагледзець 10 парушэнняў рэжыму. У прыватнасці, яна прасіла перагледзець тыя парушэнні, якія былі зафіксаваныя ў часе галадоўкі А.Казуліна.

“Адказ на заяву Ю.Казулінай, у якой яна просіць замяніць зняволенаму А.Казуліну пакаранне на больш мяккае, адпраўлены”, - паведамілі ў ПК “Віцьба-3”. У адказе гаворыцца, што пытанне аб змене пакарання было разгледжанае і ў задавальненні прашэння адмоўлена.

Суразмоўца агенцтва патлумачыў, што гэтае рашэнне грунтуецца на артыкуле “Устанаўленне ступені выпраўлення асуджанага”, і нагадаў, што за час адбыцця пакарання Аляксандр Казулін атрымаў 4 спагнанні за парушэнне рэжыму, агулам у яго было 10 парушэнняў рэжыму.

У калоніі распавялі, што Казулін адчувае сябе нармальна, апошнім часам рэжым не парушае, прэтэнзіяў з боку кіраўніцтва папраўчай установы да яго няма, па-ранейшаму працуе капцёршчыкам.

Нагадаем, што ў сваім інтэрв'ю Еўрарадыё перад ад'ездам у калонію Аляксандр Казулін заявіў, што больш парушаць рэжым ён не будзе.

Інтэрфакс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі