Улады Мінска хочуць зрабіць завод па знішчэнні смецця на базе ЦЭЦ
Улады Мінска хочуць зрабіць завод па спальванні смецця на базе ЦЭЦ, а не ствараць самастойнае прадпрыемства. Пра гэта падчас наўпроставай тэлефоннай лініі заявіў старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак, перадае БЕЛТА.
Са словаў кіраўніка горада, пытанне ва ўсталяванні катла на вадкім паліве, газе або на паліве, якое вырабляецца са смецця. Калі пабудаваць асобны завод, дзе канцэнтруюцца адкіды, узнікае пытанне транспартоўкі цяпла, а ў выпадку ЦЭЦ уся інфраструктура ўжо ёсць, разважае Сівак. Аднак пляцоўка для такога праекта пакуль не абраная.
Будаўніцтва завода па спальванні смецця прадугледжанае Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адкідамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года. У Мінску высокая шчыльнасць насельніцтва, а магчымасці для захавання адкідаў абмежаваныя.
Агульнасусветная практыка перапрацоўкі і спальвання адкідаў дазваляе нашмат скараціць іх колькасць — на 60-80% ад агульнай масы. Апроч таго, спальваючы смецце, можна атрымаць цеплавую і электрычную энергію.
Таксама ў сталіцы рэалізоўваецца праект смеццесартавальнага завода і цяпер вядзецца "дыялог з адной з прыватных кампаній, якая не выконвае сваіх абавязанняў па яго будаўніцтве", сказаў старшыня Мінгарвыканкама.