Урад Расіі змякчае харчовае эмбарга
Урад Расійскай Федэрацыі аслабляе харчовае эмбарга для ялавічыны, мяса птушкі і гародніны, якія будуць выкарыстоўвацца для вытворчасці дзіцячага харчавання.
Адпаведныя змены прынятыя пастановай расійскага ўрада №472 ад 27 траўня 2016 года, паведамляе interfax.by. Для таго, каб увозіць адпаведную прадукцыю ў Расію, спатрэбіцца пацверджанне ад Міністэрства сельскай гаспадаркі пра яе мэтавае прызначэнне. Парадак і аб'ём дазволенага ўвозу таксама вызначыць гэтае ведамства.
У Мінсельгасе гэтыя змены тлумачаць тым, што харчовае эмбарга не распаўсюджваецца на дзіцячае харчаванне, аднак забараняе ўвоз сыравіны для яго вытворчасці. Цяперашняе рашэнне ўрада накіраванае на развіццё ўнутрырасійскай вытворчасці гэтай прадукцыі.
Расія ўвяла харчовае эмбарга 7 жніўня 2014 года пасля міжнародных санкцыяў. У сваю чаргу, санкцыі былі ўведзеныя ў выніку расійскай агрэсіі ва Украіне.
Пад расійскае эмбарга трапляе прадукцыя з ЗША, ЕС, Аўстраліі, Нарвегіі ды Канады. Пазней у гэты спіс дадаліся Албанія, Чарнагорыя, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Украіна.
Забарона распаўсюджваецца на мяса і мясную прадукцыю, рыбу і рыбную прадукцыю, малако і малочную прадукцыю, гародніну і садавіну.
Расійскі ўрад рыхтуецца працягнуць забарону на імпарт харчавання да канца 2017 года.