Усаў: ядзерная зброя ў Беларусі правакуе кропкавы ўдар па Лукашэнку і Драздах
Ракетны комплекс "Іскандэр-М", які Расія перадала Беларусі. Ён можа быць носьбітам ядзернай зброі / Міністэрства абароны
Калі Расія размесціць у Беларусі ядзерную зброю, гэта справакуе Захад адказаць кропкавымі ударамі па месцах, дзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка і яго сям’я.
Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў палітолаг Павел Усаў. Таксама эксперт расказаў, куды варта ісці Беларусі без Лукашэнкі. Сабралі для вас самае цікавае са стрыму.
— Калі Лукашэнка думаў, што ядзерная зброя будзе ўтрымліваць Захад ці тую ж Украіну ад нейкіх радыкальных захадаў пасля сканчэння вайны супраць Украіны, то наадварот. Гэта якраз будзе казаць пра неабходнасць імгненнага сілавога варыянту, ультыматума ў дачыненні да Лукашэнкі. І фактычна можа паўтарыцца тое, што адбылося з Іракам [рэжымам Садама Хусейна. — Еўрарадыё]. Ён гэта павінен разумець.
Па-першае, могуць быць нанесеныя кропкавыя ўдары па складах, дзе размешчаныя ядзерныя арсеналы. Гэта забруджванне моцнае тэрыторыі краіны. А па-другое, ужо непасрэдна ўдары па самім кіраўніцтве палітычным. То-бок гэта Палац незалежнасці, гэта адміністрацыя Лукашэнкі і Дразды.
Яны павінны разумець, што ніхто ўжо з імі гуляцца не будзе. Лукашэнка перайшоў чырвоную лінію абсалютна. Тут ужо выклік усяму цывілізаванаму свету. І ён такім чынам падпісаў сабе смяротны прысуд, — падкрэслівае палітолаг.
З нагоды візіту Уладзіміра Зяленскага ў Варшаву эксперт кажа, што будучыня Беларусі менавіта ў саюзе з Украінай, Польшчай і Літвой.
— Я спадзяюся, што беларускае пытанне будзе гучаць [падчас візіту. — Еўрарадыё]. Разам з Украінай Польшча можа і хутчэй за ўсё будзе гуляць ключавую ролю ў рэгіёне. У ідэалагічным плане ўжо існуе Люблінскі трохкутнік: Польшча, Украіна, Літва. Ён будзе пашырацца. Лічу, што вельмі важнае стварэнне глыбокай філасофіі, канцэпцыі міжмор’я з удзелам Беларусі. Гэта будзе вялікая сіла, нягледзячы на тое, што вайна прынесла для Украіны.
Зразумела, з Расіяй будзе цяжка выбудаваць адносіны. Яна заўсёды будзе недзе ў падсвядомасці імперская. Таму забяспечыць стабільнасць, гарантыі дэмакрытыі ў Беларусі можна не нейкімі будапешцкімі мемарандумамі, а ўласна пабудаваннем рэгіянальнай сілы: Польшча, Літва, Беларусь, Украіна, — рэзюмуе Павел Усаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.