Ва Украіне завяршылі расследаванне справы Віктара Медведчука
Ва Украіне завяршылі дасудовае расследаванне крымінальнай справы народнага дэпутата Віктара Медведчука, якога падазраюць у здрадзе дзяржавы. Офіс генпракурора накіраваў абвінаваўчы акт у суд, паведамляе hromadske.ua.
Следства мяркуе, што Медвядчук дапамагаў Расіі ў інфармацыйнай вайне супраць Украіны і кансультаваў па распаўсюджванню расійскіх наратываў сярод украінцаў. Таксама Медведчука вінавацяць у перадачы Расіі інфармацыі аб размяшчэнні сакрэтнага падраздзялення Мінабароны Украіны. Акрамя таго, следства заяўляе, што ён цягам 2015-2020 гадоў дапамагаў расіянам весці падрыўную дзейнасць супраць Украіны.
У 2015 годзе, як лічыць следства, Медвядчук дапамог Расіі рабаваць нацыянальныя каштоўнасці ў Крыме: перадаў звесткі і дакументы для незаконнай здабычы нафты і газу на Прыкерчанскім шэльфе Чорнага мора ў марской эканамічнай зоне Украіны. Рэсурсы гэтага радовішча каштуюць больш за 38 мільярдаў грыўняў.
Медведчуку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Медвядчук — самы вядомы прарасійскі палітык Украіны. Яго лічаць кумам Пуціна. У траўні 2021-га яго пасадзілі пад хатні арышт, а ў лютым 2022-га ён знік. Толькі ў красавіку СБУ паведаміла, што злавіла ўцекача.
Медведчука прапаноўвалі памяняць на палонных украінскіх салдатаў, аднак Расія адмовілася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.