Вікторыя Азаранка за паўгода зарабіла $1,75

Чвэрцьфіналістка сёлетняга Ўімблдона Вікторыя Азаранка зарабіла за паўгода больш за $1,75. 19-гадовая беларуская тэнісістка займае восьмы радок у сусветным рэйтынгу. 1,486,699 долараў ёй прынеслі гульні ў адзіночным разрадзе, і $272,785 — парныя турніры. Сайт Mojazarplata.by падлічыў, што за шэсць месяцаў 2009 года Вікторыя Азаранка прыняла ўдзел у 11 турнірах. У трох Вікторыя атрымала перамогу. Гэта прэм'ер-турніры Жаночай асацыяцыі тэніса Sony Ericsson Open у Маямі, Regions Morgan Keegan Championships у Мемфісе і Brisbane International у Брысбене.

За ўсю сваю кар'еру з 2003 па 2009 год Вікторыя Азаранка атрымала ганарараў больш чым на $3 млн. Сёлета беларуская тэнісістка заняла пятае месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) па прыбытках.

Таксама сёлета тэнісістка знялася для французскага мужчынскага часопіса FHM. Аднак сума ганарару за фотасесію трымаецца ў сакрэце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі