Выдавец Логвінаў просіць дапамагчы яму выплаціць штраф — 961 млн.
У аўторак ён сабраў у Мінску прэс-канферэнцыю, на якой звярнуўся па дапамогу да грамадскасці.
Ігар Логвінаў, беларускі выдавец, уладальнік кнігарні "логвінаЎ", 20 студзеня звярнуўся да грамадскасці. На прэс-канферэнцыі ў Мінску ён нагадаў, што нядаўна эканамічны суд прызначыў яму штраф — больш за 5 мільёнаў рублёў "за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць". З яго спаганяюць таксама 961 мільён рублёў, які падатковая інспекцыя палічыла прыбыткам крамы.
Нагадаем, выдаўца вінавацілі ў продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі.
Хто такі Ігар Логвінаў і за што судзяць яго кнігарню
У судзе Ігар Логвінаў не прызнаў сваёй віны. Таксама ён адзначыў, што 961 млн. рублёў — гэта не прыбытак кнігарні, а яе абарот. Па словах Логвінава, кнігарня працуе практычна "ў нуль". Аднак суд не прыняў да ўвагі гэтыя аргументы.
Суд загадаў спагнаць з Логвінава амаль мільярд рублёў
У аўторак Логвінаў папрасіў у грамадскасці дапамогі ў выплаце штрафу — згаданага 961 млн рублёў. Інфармацыя пра тое, якім чынам гэта можна зрабіць, неўзабаве з'явіцца тут.