Выкладчыца ўніверсітэту павесілася ў доме, з якога яе хацелі выселіць
Здарэнне адбылося ў Гомелі, у так званым "выкладчыцкім доме".
Зранку 14 красавіка ў шматпавярховым доме па вуліцы Савецкая, 106 у Гомелі знайшлі цела выкладчыцы мясцовага ўніверсітэта. Як паведамляе тэлеканал "Белсат", жанчына павесілася на дзвярах у пад'ездзе свайго дома. Па словах супрацоўнікаў міліцыі, на целе жанчыны слядоў гвалту не выявілі.
Гэты дом вядомы сярод гамельчукоў як "выкладчыцкі". У ім жывуць былыя і цяперашнія выкладчыкі Гомельскага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Некалькі гадоў жыхары дома змагаюцца з уладамі за права прыватызаваць свае кватэры.
Напрыканцы 2014 года эканамічны суд надаў дому статус інтэрната, таму жыхары 116 кватэраў страцілі магчымасць прыватызаваць жытло. Скаргі выкладчыкаў у розныя інстанцыі не далі плёну. Адміністрацыя ўніверсітэта пагражала ім скасаваць кантракты, пазбавіўшы іх і жытла, і працы.
Загінулая была кандыдатам філалагічных навук. Суседка кажа, што жанчына была адказная і працавітая. Верагодна, кажа яна, папросту не вытрымала псіхіка ў сувязі з жыллёвай сітуацыяй.
У загінулай засталіся двое дзяцей. Па факце самагубства ідзе следства.