Высылку Красулінай абгрунтоўваюць дакументам "для службовага карыстання"

Высылку Красулінай абгрунтоўваюць дакументам "для службовага карыстання"

18 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска прэс-сакратарка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна абскарджвала рашэнне пра сваю высылку. Суд не прыняў канчатковага рашэння, і пасяджэнне працягнецца 19 снежня а 10-й гадзіне раніцы, перадае Радыё "Свабода"

Ганна Красуліна заявіла ў судзе, што лічыць незаконным і неабгрунтаваным рашэнне Маскоўскага РУУС пра яе высылку. Яна паведаміла, што пражывае ў Мінску са студзеня 2002 года. Яе муж — дацэнт БДУ, сын — аспірант, дачка — студэнтка БДУ. У 2005 годзе ў Беларусь пераехалі бацькі Красулінай, яны пажылыя людзі, маюць праблемы са здароўем.

Сама Красуліна мае трэцюю групу інваліднасці пасля ДТП, у якое трапіла ў Маскве ў 1993 годзе. Яна атрымлівае пенсію па інваліднасці — 204 рублі, афіцыйна нідзе не працуе. "Шанцаў працаўладкавацца ў мяне мала, іншых сродкаў існавання, акрамя сціплай пенсіі і ўтрымання мужа, няма", — патлумачыла жанчына. У выпадку высылкі мужу давядзецца ўтрымліваць яе за мяжой, а таксама дачку-студэнтку, што на заробак дацэнта немагчыма.

Па словах Красулінай, у Маскоўскім РУУС падставамі для яе высылкі назвалі дакумент "для службовага карыстання" №916 і не далі з ім азнаёміцца. 

Нагадаем, што Красуліну высылаюць за ўдзел у дзвюх несанкцыянаваных акцыях і адзін праезд без квітка ў грамадскім транспарце. Яна аплаціла ўсе штрафы. Рашэнне пра высылку яна называе здзекам. 

Старшы інспектар аддзела грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС Філіп Карацупа на судзе заявіў, быццам Красуліна не заплаціла штраф за 21 красавіка 2017 года. Сама Красуліна і яе адвакатка Наталля Мацкевіч запярэчылі: штраф быў аплачаны.

На пытанне адвакаткі, на які канкрэтна закон спасылаецца старшы інспектар Карацупа, абгрунтоўваючы высулку Красулінай, ён адказаў, што на "тэорыю дзяржавы і права". Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла запярэчыў, што гэта прадмет для студэнтаў, а не закон. Паганяйла запатрабаваў падаць дакумент для службовага карыстання, на які спасылаецца міліцыя. У адказ міліцыянты заявілі, што не гатовыя гэта зрабіць, а чым гэта рэгламентуецца, яны не ведаюць.

Адвакатка Красулінай таксама падала хадайніцтва на азнаямленне з гэтым дакументам. Урэшце міліцыянты пагадзіліся паказаць дакумент толькі суддзі, але не для агалошвання ў адкрытым пасяджэнні.

19 снежня АГіМ Маскоўскага РУУС павінен падаць суду дакумент для службовага карыстання, а Красуліна — пацвярджэнне аплаты штрафу.

Больш цікавых падзей у праграме Еўразум за 18.12 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі