Як праходзілі выбары ў 2000-я — расказвае старшыня выбаркама

Успамінаем, як фальсіфікавалі выбары дваццаць гадоў таму

Успамінаем, як фальсіфікавалі выбары дваццаць гадоў таму / @rubanau_collage

26 студзеня пройдуць чарговыя прэзідэнцкія "выбары", ужо сёмыя з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці. Іх вынік ні для каго не сакрэт — перамогу ўжо сёмы раз атрымае Аляксандр Лукашэнка.

Як выбары праходзілі пятнаццаць гадоў таму, у адносна спакойныя і аптымістычныя 2000-я гады? Еўрарадыё пра гэта расказала жанчына, якая ўваходзіла ў склад выбаркама аднаго з сельсаветаў. Асабістыя звесткі і некаторыя дэталі гісторыі рэдакцыя наўмысна схавала, каб захаваць бяспеку суразмоўніцы.


"Няхай і мне заплацяць!"

Наша гераіня былая настаўніца адной з сельскіх школ. Жанчына ўдзельнічала ў трох электаральных кампаніях: дзвюх прэзідэнцкіх (2006 і 2010 гадоў) і адной парламенцкай (2008 года) у ролі старшыні выбаркама і радавога чальца камісіі.

Матывацыяй удзельнічаць у выбарах суразмоўніца называе цікаўнасць і жаданне трохі падзарабіць.

"Я бачыла, што ёсць у нас выбарчая камісія, што ім нейкія грошы за працу даплачваюць. І гэта мяне зацягнула. Чаму я не магу? Я таксама хачу паўдзельнічаць. Няхай і мне заплацяць!

Нават на адным сходзе выступіла, маўляў, чаму адны і тыя ж людзі ўдзельнічаюць у складзе камісіі. Я таксама хачу быць у выбарчай камісіі. Вось так мяне і ўключылі ў склад".

Как проходили выборы в 2000-х — рассказывает председательница избиркома
Мясцовыя жыхары ўдзельнічаюць у дэбатах у Мінску ў аўторак, 17 студзеня 2006 года / AP / WWP

Што тычыцца складу выбарчай камісіі, то там сядзелі людзі з атачэння кіраўніцтва сельсавета.

"Чыесьці сваякі, чыесьці набліжаныя. Выплачваліся нейкая невялікія грошыкі, таму і сядзелі пераважна пенсіянеры і ветэраны. Нехта ў выканкаме раней працаваў або падцягвалі сваякоў з бюджэтных арганізацый. Каго збярэ сельсавет, таго і паставяць у выбаркам. Гэта ўсё было задачай старшыні".

Пры гэтым грошы за тыдзень працы выплачваліся сціплыя, нават па мерках 15-20-гадовай даўніны.

"Плацілі мільёнамі, з улікам сённяшніх рэалій — дзесьці 117 рублёў. Уяўляеце, гэта былі зусім невялікія грошы. Але калі ў цябе двое дзяцей, то ўжо нядрэнна. А дзе ты падпрацуеш у вёсцы?"

"Чалавек галасаваў — было тып-топ"

Праца ў выбаркаме доўжылася пяць дзён з улікам перыяду датэрміновага галасавання праз дзяжурства — для гэтага складаўся спецыяльны працоўны графік. У ім размяркоўваліся абавязкі: запісваць у спіс выбарцаў, сачыць за урнай для галасавання, адказваць за сам выбарчы працэс.

"Напярэдадні складаўся графік дзяжурстваў, падчас якога сярод чальцоў камісіі размяркоўвалася, хто і ў які час будзе знаходзіцца на ўчастку і назіраць за урнай. Спецыяльнае месца рыхтавалі, пламбавалі. Людзі маглі прыходзіць і галасаваць. У нас нехта дзяжурыў ля гэтай урны.

Как проходили выборы в 2000-х — рассказывает председательница избиркома
Вайскоўцы на выбарчым участку падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года / TIME

Рыхтавалі і месца для галасавання — стол, кабінка з фіранкай. Гэта не так, як у 2020-м годзе. Урны былі апламбаваныя, усё акуратна і прыведзена ў парадак. Гэтым займаўся сельсавет і працаўнікі мясцовага Дома культуры. Школу ў той момант не прымушалі ў выбаркаме працаваць — у найлепшым выпадку адзін-два настаўнікі толькі ўдзельнічалі".

Суразмоўніца кажа, што на іх участку незалежных назіральнікаў у той момант не было.

"Можа, таму што ўчастак быў невялікі. Былі назіральнікі ад [праўладнай] арганізацыі "Белая Русь". Іх чалавек назіраў, як праходзяць выбары. Таксама за парадкам назіраў мясцовы ўчастковы або дасланы міліцыянт з раёна. Яго пакідалі на ноч ахоўваць, каб нічога не адбылося з урнай.

Да старых і ляжачых людзей ездзілі галасаваць. Мясцовая арганізацыя вылучала на гэта аўтамабіль. Для гэтага выкарыстоўвалі меншую урну, таксама апламбаваную. Яе прывозілі, чалавек галасаваў — было тып-топ.

Гэта ўжо ў 2020-я гады былі актыўныя назіральнікі, якія лезлі, лічылі людзей, што прыйшлі на ўчастак. А ў той час сядзеў чалавек і спакойна назіраў. Прыязджалі назіральнікі з іншых постсавецкіх рэспублік, але доўга не заставаліся. Прыехаў — з'ехаў, і ўсё".

Жанчына кажа, што на ўчастку ўсе тры кампаніі было спакойна.

"Нічога выбітнага не магу ўспомніць. Людзі прыходзілі, галасавалі, калі час скончыўся, пачынаўся падлік галасоў — выварочвалася урна. Садзіліся ўсе чальцы камісіі, разбіралі аркушы направа і налева, лічылі агульнымі намаганнямі".

Как проходили выборы в 2000-х — рассказывает председательница избиркома
Мужчына глядзіць на партрэты і біяграфіі кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 19 сакавіка 2006 года / ОБСЕ / Андрэас Бэйкер

Пасля падліку сакратар афармляў пратакол і ўсе бюлетэні везлі на аўтамабілі здаваць у райвыканкам. Ехаў старшыня сельсавета з міліцыянтам.

"Мы нават не адчувалі, што займаемся чымсьці няправільным"

Суразмоўніца адмаўляе, што іх выбаркам падрабляў вынікі.

"Мне не займаліся фальсіфікацыямі. Мы нават не адчувалі, што займаемся чымсьці няправільным. Як у нас людзі прагаласавалі, так мы і запісвалі. А што там далей у агульнай кучы атрымалася — мы не ведаем. Адна вёска так прагаласавала, іншая — інакш. Лічылі ўжо наверсе. У нас не стаяла задача займацца відавочнай падробкай".

За каго ж у той момант пераважна галасавалі мясцовыя? Беларуска кажа, што за Лукашэнку.

"Яны [выбарцы] нават не саромеліся пра гэта казаць, прыходзячы на ўчастак. Я думала потым, што дарма ў перыяд 2020 года яму 80,1% намалявалі. Маглі не рабіць вялікіх лічбаў, 53% — і хапіла б.

У той момант нам здавалася, што лічылі сумленна і за Лукашэнку сапраўды галасуе большасць. Мы былі далёкія ад разумення, што нам хлусяць і выбары несправядлівыя. Адзінае, нас прымушалі раней пайсці прагаласаваць — не ў дзень выбараў, а раней, на датэрміновае галасаванне. Думаю, каб паказаць актыўнасць, што людзі ўдзельнічаюць у працэсе".

Сама суразмоўніца не памятае, за каго галасавала. Але дакладна не за Лукашэнку.

Как проходили выборы в 2000-х — рассказывает председательница избиркома
Жанчына апускае бюлетэнь на выбарчым участку ў Мінску падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сакавіка 2006 года / ОБСЕ / Урдур Гунарсдотыр

"Хацелася, каб было як у Канстытуцыі, каб так рабілася. Я за дэмакратыю галасавала, каб быў прынцып выбіральнасці. Вось за што я. Што раз вызначана два тэрміны, то адседжвай іх, а потым прыйдзе іншы [прэзідэнт]. Хай гэта будзе і памылкай, але затое дэмакратычна. Людзі хацелі, каб была выбарнасць. Не на паперы, а насамрэч".

У далейшых выбарах беларуска не ўдзельнічала яе ў пэўны момант перасталі запрашаць.

"Мне нічога не казалі — проста перасталі клікаць у склад камісіі. У мяне былі розныя думкі з гэтай нагоды, але я не пайшла разбірацца. Праблем мне не трэба, дзеці вывучыліся, а дзеля гэтых капеек было нецікава, махнула рукой".

Суразмоўніца прызнае, што ўдзельнічала ў фальсіфікацыі, але пры гэтым не адчувае за гэта віну.

"У мяне да сябе пытанняў няма. Я ўдзельнічала як выбарац вельмі годна, нічога не парушала, дадаткова не агітавала. Як чалавек выявіў сваю волю, так яно і ішло. Я нават ганарылася тым, што ўдзельнічала ў арганізацыі выбараў. У той момант у мяне не было ўяўлення, што вынік падроблены і мы ў гэтым вінаватыя. Адсюль, з нашага месца, нічога такога не было відаць. Чыноўнікі нам расказвалі, як трэба праводзіць выбары паводле правілаў, а што там было на вярхах, я ўжо і не ведаю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі