Ю. Губарэвіч: Рух "За Свабоду" будзе працягваць спрабаваць зарэгістравацца

Вярхоўны суд у аўторак пачаў разгляд скаргі па адмове ў рэгістрацыі праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду". Сёння вывучаліся матэрыялы справы, адбыліся судовыя спрэчкі.
Нагадаем, Мінюст ужо тры разы адмаўляў Руху "За Свабоду" ў рэгістрацыі. На гэты раз чыноўнікі знайшлі ў гарантыйным лісце на прадастаўленне юрыдычнага адраса прапушчанае слова ў назве арганізацыі. Таксама Мінюст лічыць, што сапраўдныя мэты руху не адпавядаюць тым, што запісаныя ў статуце - палітычныя замест праваабаронча-асветніцкіх.

Рашэнне Вярхоўнага суда будзе агучанае ў сераду а 15-й гадзіне. На тое, што суд падтрымае праваабаронцаў, надзеі амаль няма. Вось што гаворыць у інтэрв'ю Еўрарадыё адзін з лідэраў руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч:

"У заключным слове пракурор падтрымаў пазіцыю Міністэрства юстыцыі. З гэтага можна зрабіць выснову, што заўтрашняе рашэнне будзе не на нашу карысць".

Губарэвіч сцвярджае, што, нягледзячы на магчымую чарговую адмову, Рух "За Свабоду" не думае рэгістравацца за мяжой. Праўдападобна, будзе здзейсненая спроба яшчэ раз паспрабаваць легалізавацца ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі